Сустрэча адбылася 30 студзеня ў Вільні ў Офісе Святланы Ціханоўскай. Удзел у сустрэчы таксама бралі прадстаўнік па міжнародных адносінах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце і міжнародная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама супрацоўнікі дыпламатычнай місіі ЗША.
Святланы Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, умовы ў турмах, апошнія суды, пераслед журналістаў і актывістаў. Таксама яна падзялілася бачаннем на тэму магчымага ўдзелу войскаў Беларусі ў вайне супраць Украіны. Ціханоўская адзначыла, што для дэмакратычных сілаў з’яўляецца прыярытэтам не дапусціць гэтага ўдзелу, і распавяла пра захады АПК у гэтым напрамку.
Прадстаўнікі дзярждэпартамента ЗША запэўнілі Ціханоўскую ў адназначнай падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі. Робін Даніген распавяла, што ЗША прызначаць спецпасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычным рухам. Зараз над гэтым ідзе актыўная праца.
Падчас сустрэчы абмеркавалі стварэнне выпрацоўку новай праактыўнай стратэгіі па Беларусі, а таксама магчымасць правядзення міжурадавай сустрэчы краінаў-партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы. Новая стратэгія магла б прадугледжваць захады па абароне незалежнасці Беларусі і вывадзе расійскіх войскаў, далейшай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і падтрымку дэмакратычных пераменаў.
Таксама абмеркавалі магчымы візіт Святланы Ціханоўскай увесну гэтага года ў Вашынгтон і сустрэчы на высокім узроўні з прадстаўнікамі кіраўніцтва ЗША. Ціханоўская падзякавала за запрашэнне выступіць на Саміце за дэмакратыю, які арганізоўвае прэзідэнт Байдэн.
Таксама абмяркоўвалі супольныя дзеянні, каб не дапусціць сяброўства рэжыму ў Радзе Бяспекі ААН у якасці часовага чальца, і ўдзел дэмакратычнай Беларусі ў Генасамблеі ААН і мерапрыемствах Вялікай Сямёркі.