Святлана Ціханоўская: «Усё часцей бачу навіны пра закрыццё бізнесаў у Беларусі. Адно за адным зачыняюцца крамы, кафэ, рэстараны. Тэхналагічныя кампаніі ўжо рэлакаваліся – і цяпер плацяць падаткі, якія маглі б пайсці на добраўпарадкаванне Беларусі, у іншых краінах. Гэтая тэндэнцыя з кожным днём усё больш заўважная.
Дзяржава і раней не лічыла неабходным ствараць спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу і прадпрымальніцтва. А зараз і ўвогуле стварае такія ўмовы, у якіх усё больш прадпрымальнікаў задумваюцца пра пераезд ці закрыццё сваёй справы. Я ведаю, што тысячы людзей, якія змушана закрываюць свае бізнесы, гадамі развівалі іх не дзякуючы, а насуперак. Многія змаглі адаптавацца і выжыць нават ва ўмовах COVID і некалькіх эканамічных крызісаў. Экспертызе і вопыту гэтых людзей пазайздросцяць многія.
Такія прафесіяналы – неацэнны рэсурс для кожнай дзяржавы. І я веру, што ў новай Беларусі гэтыя людзі змогуць бесперашкодна развіваць і маштабаваць свае бізнесы. А чыноўнікі замест пераследу падаткаплатнікаў, якія іх утрымліваюць, будуць не толькі дапамагаць бізнесоўцам, але і працаваць над тым, каб прыцягнуць у краіну інвестыцыі, каштоўны вопыт і чалавечы капітал».