• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы са зваротам да міжнароднай супольнасці, 2023

    04 кастрычніка, 2023

    Святлана Ціханоўская:

    «Шаноўнае спадарства, паважаныя спікеры,
    Сябры дэмакратыі і сябры свабоды,

    Усё мінулае стагоддзе мы, беларусы, былі ў ліку народаў, якія жылі пад чорным ценем Расіі. Разам з літоўцамі, эстонцамі, украінцамі, грузінамі і многімі іншымі народамі.

    У рэшце рэшт мы ўсе выйшлі з-пад гэтага ценю. Мы, беларусы, ужо сапраўды выйшлі з яе ў 2020 годзе, калі пачалі нашу мірную рэвалюцыю, якую працягваем і зараз.

    Пасля 2020 года ўвесь свет ведае, што Беларусь – гэта не Расія. І ніколі ёй не будзе.

    Наша нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч іранізавала: у Расіі «не будзе ў нас даўгавечнага асфальту і дагледжаных газонаў. А героі заўсёды знойдуцца».

    Такія ідэі ў Расіі адбываюцца не ад захаплення вялікімі людзьмі. Яны паходзяць ад пагарды да «маленькага чалавека». Жыццё асобнага чалавека з яго патрэбамі ў Расіі амаль нічога не значыць. І для Лукашэнкі яно таксама амаль нічога не значыць. Менавіта гэтае адрознівае Лукашэнку ад беларусаў, а Расію ад Еўропы.

    Павага да кожнага чалавека, чалавечага жыцця і правоў чалавека, свабода слова, талерантнасць і вяршэнства закона – гэта еўрапейскія каштоўнасці. Гэта і беларускія каштоўнасці, вырашчаныя стагоддзямі нашай еўрапейскай гісторыі.

    Свет павінен перастаць думаць пра Беларусь як пра нейкую частку Расіі. У нас іншая культура, іншая гісторыя, іншая мова. У нас ёсць уласная ідэнтычнасць. Мы былі часткай Еўропы за шмат стагоддзяў да таго, як у Беларусь прыйшла Расея.

    Беларусь была Еўропай і заўсёды будзе Еўропай. Калі мы, беларусы, у 2020 годзе зрабілі выбар на карысць дэмакратыі, мы вярнуліся да сваіх еўрапейскіх каранёў.

    Павага і абарона нашага беларускага еўрапейскага выбару – вось што павінна быць неад'емнай часткай палітыкі Захаду ў дачыненні да Расіі. Як і абарона еўрапейскага выбару Украіны.

    Ва Украіне, як і ў Беларусі, Расія мае адну і тую ж мэту: каланізацыю і падпарадкаванне. Ва Украіне Расія ваюе танкамі і ракетамі. У Беларусі яна ўстанаўлівае кантроль пры дапамозе эканамічнага паглынання, ваеннай прысутнасці і русіфікацыі.

    Часам гавораць, што Беларусь ужо прайграна Расіі. Але Украіна – а фактычна і ўся Еўропа – ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі. Беларускі супраціў мае ключавое значэнне.

    Сёння супраціў рэжыму Лукашэнкі пайшоў у падполле. Але яно не «спіць». Людзі захоўваюць дух. Нягледзячы на сілавы тэрор, яны працягваюць праводзіць акцыі пратэсту – хоць гэта і не па «законе». Па дадзеных «Вясны», летась у Беларусі прайшло не менш за 375 акцыяў мірнага пратэсту. Штодня за палітычныя погляды і супраціўленне рэжыму арыштоўваюць каля 20 чалавек.

    Грамадства ў цэлым не змяніла сваёй думкі з 2020 года. Нягледзячы на ўсю прапаганду, паліцэйскі тэрор, прысутнасць расійскіх войскаў. Беларусы рыхтуюцца да новага акна магчымасцей.

    У адрозненне ад большасці расіян сёння, беларусы выступаюць супраць расійскай вайны на Украіне. Толькі 2% падтрымліваюць удзел беларускай арміі ў вайне. Рэжыму не ўдалося правесці мабілізацыю. Калі рэжым Лукашэнкі загадае войскам напасці на Украіну, яны выступяць супраць яго.

    Я заўсёды кажу: трэба адрозніваць людзей і ўладу. І давайце прытрымлівацца дваістага падыходу: ізаляваць рэжым, але падтрымліваць народ.

    З аднаго боку, трэба закрыць шчыліны ў санкцыях. Замарозіць актывы рэжыму за мяжой. Выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, злачынствы агрэсіі і, у рэшце рэшт, выкраданне ўкраінскіх дзяцей.

    З іншага боку, трэба інстытуцыяналізаваць адносіны з дэмакратычнай Беларуссю. Падтрымайце праекты, накіраваныя на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Працягвайце выдаваць візы. Дапамажыце людзям, якія ўцяклі ад рэпрэсій. Прызнайце наш пашпарт Новай Беларусі, каб сотні тысяч беларусаў не засталіся без грамадзянства.

    Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. Але людзям патрэбная надзея. І гэтую надзею можа даць еўрапейская перспектыва Беларусі як альтэрнатыва «рускаму свету». У жніўні мы, беларускія дэмакратычныя сілы, прынялі заяву, што канчатковай мэтай для Беларусі з'яўляецца сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Беларусы таксама хочуць пачуць ад вас, што дзверы Еўропы адчыненыя для Беларусі і нашая краіна не будзе аддадзена Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза.

    І нарэшце – трэба дапамагчы Украіне перамагчы ў гэтай несправядлівай вайне. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. Пакуль мы гаворым, многія беларусы змагаюцца за свабоду Украіны. Многія з іх аддалі сваё жыццё ў гэтай барацьбе. Таму што мы разумеем, што гэта не толькі іх барацьба – гэта нашая агульная барацьба за свабоду.

    Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

    Апошнія навіны