У Беларусі зноў расце захворванне каронавірусам. У большасці выпадкаў COVID цяпер працякае значна лягчэй, але нават у такіх умовах рэжым ізноў праваліў арганізацыю медыцынскай дапамогі. Напрыклад, людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы часта адпраўляюць у шпіталі, якія не спецыялізуюцца на такіх хваробах. І там ім проста не могуць падаць патрэбнае, профільнае лячэнне.
Дзяржаву ў апошнюю чаргу клапоціць здароўе грамадзян. Мы памятаем, як у разгар пандэміі ўлады адмянялі масачны рэжым. Мы памятаем звальненні лекараў, якія фіксавалі пабоі затрыманых. Мы памятаем арышт Арцёма Сарокіна, які апублікаваў медыцынскае заключэнне забітага Рамана Бандарэнкі. Мы памятаем, як рэжым абышоўся з доктарам Уладзімірам Мартавым, які расказаў праўду пра каронавірус у Беларусі.
Лекарам у нашай краіне даводзіцца вельмі цяжка. Яны змірыліся з мізэрнымі зарплатамі і працуюць на дзве стаўкі, каб забяспечыць сям’ю. Недахоп людзей прыводзіць да доўгіх зменаў і падвышанай загружанасці. На прыём у лекараў выдзелены час, якога ледзь хапае на нармальны агляд. Студэнтам медыцынскіх універсітэтаў востра не хапае практыкі – яны вымушаныя ў найкарацейшыя тэрміны разбірацца ў цяжкасцях працы ўжо ў ролі лекараў. Маладых спецыялістаў не падтрымліваюць і не заахвочваюць.
Людзі не вытрымліваюць нагрузку і стрэс і сыходзяць. Улады чарговы раз павялічваюць адпрацоўку, каб утрымаць лекараў у дзяржаўных клініках. Аднак абітурыенты бачаць, як рэжым ставіцца да гэтай прафесіі, і кідаюць мары стаць лекарамі. Белстат можа колькі заўгодна публікаваць дадзеныя, што колькасць медыкаў у краіне толькі расце і сітуацыя паляпшаецца. Аднак усім нам вядома рэальная сітуацыя.
Калі я чую пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца лекары, я захапляюся іх самааддачай і цярпеннем. Медыцына ў Беларусі трымаецца на стойкіх, адданых людзях, а не на дзяржаўнай падтрымцы. Таленавітыя спецыялісты прапрацоўваюць цэлыя змены без перапынку на абед, ахвяруюць сном і адпачынкам дзеля таго, каб дапамагаць іншым.
Дарагія лекары, вашая праца незвычайна важная. Мы ведаем, як многа вы робіце для кожнага з нас, і цэнім вашую прафесійную мудрасць і чалавечы клопат. Дзякуй вам за такую важную працу.