Святлана Ціханоўская: «Студэнта БДУІР Яна Салановіча затрымалі 1 лістапада падчас маршу да Курапатаў. Яму далі 12 сутак, але на волю ён так і не выйшаў. Усё гэта можна назваць толькі адным словам – помста.
Летам Ян Салановіч праходзіў практыку ў КДБ і працаваў там інжынерам. Нягледзячы на гэта, ён актыўна хадзіў на маршы. Пасля затрымання яго адвезлі ў КДБ, дзе ён пералічыў усе акцыі, у якіх прымаў удзел, і напісаў заяву на звальненне. І пачаліся бясконцыя суды і прысуды.
24 снежня яму абвясцілі ўжо восьмы прысуд. Агулам Ян правядзе за кратамі 114 сутак. І няма гарантый, што яго, як і ўсіх нас, зноў не падмануць.
Яго мама Вольга Салановіч распавядае, як сына затрымалі. Ёй перадалі запіску ад Яна – ён паведамляў, што на яго склалі дзевяць пратаколаў: «Гэта вельмі страшна – калі ты не ведаеш, куды ехаць, кожную раніцу прачынаешся і маніторыш спісы: перавезлі ці не? Я бачыла, як з Акрэсціна выязджаюць аўтазакі з людзьмі: ад гэтага мурашкі па ўсім целе і слёзы на вачах. Ты стаіш з торбамі, поўнымі прадуктаў і рэчаў, і не ведаеш – ён з'ехаў ці застаўся. Знаходзіш у спісах – і выдыхаеш: значыць сёння сын атрымае перадачу».
Ян Салановіч – смелы чалавек, які выходзіў на вуліцу адстойваць сумленныя выбары. Цяпер кожны з нас можа падтрымаць Яна і адправіць ліст або паштоўку яму і іншым вязням сумлення. Укладзеце пусты ліст і канверт, каб Ян мог вам адказаць.
Памятайце пра два рэсурсы, што дапамогуць вам у гэтым: http://politzek.me – сайт са спісам палітвязняў і ўсімі неабходнымі для ліста дадзенымі. І http://vkletochku.org – рэсурс, які дапаможа адправіць ліст ананімна і нават з іншай краіны».