Беларуская лідарка прыняла міністарку замежных справаў Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір у сваім офісе ў Вільні. Ціханоўская распавяла пра катастрафічную сітуацыю з беларускімі палітвязнямі і неабходнасць скаардынаванай стратэгіі міжнароднай супольнасці па іх вызваленні. Падчас сустрэчы гаварылі пра пагрозы беларускай незалежнасці, паглынанне Беларусі Расіяй і прыцягненне рэжыму да адказнасці праз міжнародныя механізмы і суды.
Міністарка запэўніла Святлану Ціханоўскую, што Ісландыя працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці Ісландыя працягне падтрымку незалежных медыя і Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта ў Вільні.
«Я вельмі ўдзячная міністарцы за ўсю падтрымку, якую дае нам Ісландыя. Ісландыя – гэта прыклад, як шмат можа зрабіць нават адна краіна. Я ўдзячная міністарцы за запрашэнне дэмакратычнай Беларусі паўдзельнічаць у Саміце Рады Еўропы, за падтрымку кожнай нашай ініцыятывы на міжнароднай арэне», – адзначыла Ціханоўская.