• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Нас не задаволяць паўмеры». Выступ Святланы Ціханоўскай на пленарным пасяджэнні Сената Польшчы

    08 лютага, 2023

    «Паважаныя сенатары,

    Дарагія сябры свабоднай Беларусі,

    Дзякую шаноўнаму маршалку Гродзкаму за запрашэнне. Звярнуцца да польскага Сената ад імя вольнага беларускага народа – гэта вялікі гонар.

    Таксама вялікі гонар – быць у гэтай зале з Богданам Барусевічам, віцэ-маршалкам Сената і легендай Салідарнасці. Гісторыя Салідарнасці і польскага супраціву камуністычнай уладзе – прыклад, якім беларусы натхняюцца і сёння. Гэта гісторыя, з якой мы чэрпаем сілы і ідэі для сваёй барацьбы.

    Вялікі дзякуй віцэ-маршалку Міхалу Каміньскаму, які некалькі дзесяцігоддзяў паслядоўна спрыяе ў нашай барацьбе супраць дыктатуры Лукашэнкі. Дзякуй вам за падтрымку Канферэнцыі Каліноўскага, якую трэці год запар мы праводзім у Вільні.

    Дзякуй вам і за тое, што вы ўзялі апеку над Мікалаем Казловым, лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. Сёння Мікалай Казлоў, як і тысячы іншых палітвязняў, знаходзіцца ў лукашэнкаўскай турме. Умовы ў турмах мала чым адрозніваюцца ад сталінскіх. Людзей катуюць, не дазваляюць камунікаваць з роднымі, ламаюць фізічна і маральна. І любая падтрымка звонку – дае ім і іх сем’ям сілы трымацца. Я заклікаю сенатараў станавіцца хроснымі для палітвязняў, каб разам перажыць гэты складаны час.

    Хачу падзякаваць сенатарам Аляксандру Поцею і Богдану Кліху за падтрымку ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Дзякуючы вам, Венецыянская камісія згадзілася даць экспертызу нашаму праекту Канстытуцыі Новай Беларусі. Нашая мэта – не толькі, каб Беларусь стала дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, але каб дыктатура ніколі, я паўтару, ніколі не мела шанцаў вярнуцца ў Беларусь. Бо не будзе свабоднай Еўропы без свабоднай Беларусі.

    Дарагія сябры,

    Народы Польшчы і Беларусі звязаныя супольнай гісторыяй. Нас аб’ядноўваюць Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, якому сёлета спаўняецца 200 гадоў.

    Нас аб’ядноўваюць тры гераічныя паўстанні: 1794 года, 1830 і 1863 года. Нашыя народы поплеч змагаліся за сваю свабоду і дзяржаўнасць.

    Гэтыя подзвігі натхняюць беларусаў на барацьбу і сёння – на барацьбу супраць тыранічнага рэжыму Лукашэнкі і імперскай агрэсіі Расіі.

    Покліч «За Нашу і Вашу Свабоду» – стаў актуальны як ніколі раней. Бо барацьба за свабоду – яна не мае межаў, і павінна стаць справай і абавязкам кожнага.

    Сярод герояў, якія аб’ядноўваюць Беларусь і Польшчу, – таксама Анджэй Пачобут. Нават у засценках ён не скарыўся, не пайшоў на ўгоду і застаецца верным сваім ідэалам барацьбы за свабоду. Сёння яго чакае лукашэнкаўскі суд. І якое б пакаранне яму ні выпісалі, мы з вамі павінны зрабіць усё, каб і ён, і ўсе іншыя палітычныя закладнікі рэжыму найхутчэй вярнуліся дадому.

    Сёння рэжым Лукашэнкі спрабуе вынішчыць дружнае супольнае жыццё беларусаў і палякаў. Закрываюць польскія школы, разбураюць помнікі ўдзельнікам польскага супраціву. Усё гэта – зачыстка нашага традыцыйнага шматгалосся на карысць манатоннага і бязлітаснага «рускага міру».

    Вельмі важна, што Польшча выступае ў абарону Пачобута і ўсіх вязняў рэжыму Лукашэнкі. Таксама важна, калі Польшча паказвае прыклад паважлівага стаўлення да ідэнтычнасці беларускай меншасці на Падляшшы. Гэтаксама – калі тыя беларусы, што нядаўна апынуліся ў Польшчы як уцекачы, адчуваюць з боку Польскай дзяржавы дапамогу і разуменне.

    Сёння дзясяткі тысячаў беларусаў, якія выехалі праз вайну і тэрор, працягваюць сваю працу на карысць свабоднай Беларусі з Польшчы. Журналісты аднавілі свае рэдакцыі. Арганізацыі і ініцыятывы адкрываюць офісы ў Варшаве. Запускаюцца праекты папулярызацыі беларускай культуры і мовы. Студэнты атрымліваюць адукацыю ў найлепшых польскіх універсітэтах. Усё гэта – з адной мэтай: зрабіць Беларусь свабоднай і вярнуцца дадому.

    Я хачу вас запэўніць, што Свабодная Беларусь – будзе саюзнікам і сябрам для Польшчы. Свабодная Беларусь будзе гарантам бяспекі не толькі ў рэгіёне, але і ўва ўсёй Еўропе. Свабодная Беларусь будзе наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна і найлепшай дапамогай Украіне.

    І нашая барацьба за Свабодную Беларусь не спыняецца ні на дзень. Як гэта было ў Польшчы падчас ваеннага стану – беларусы гуртуюцца ў невялікія падпольныя суполкі супраціву. Распаўсюджваюць самвыдат з сумленнымі навінамі. Ладзяць акцыі сабатажу на чыгунцы. А беларусы ва Украіне змагаюцца за нашую агульную свабоду на перадавой, ахвяруючы ўласным жыццём. І я ганаруся тым, што адно з найбуйнейшых добраахвотніцкіх беларускіх фармаванняў носіць імя менавіта Кастуся Каліноўскага.

    Вялікую справу робяць беларускія праваабаронцы – яны фіксуюць злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму і дапамагаюць рэпрэсаваным. Лідар праваабарончага руху і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі сёння знаходзіцца ў засценках. Але незадоўга да свайго зняволення ён сказаў, што такія рэжымы, як рэжым Лукашэнкі, разумеюць толькі цвёрдасць, а любыя ўгоды з ім – марныя і нават шкодныя. Бяляцкі заклікаў свет захоўваць паслядоўнасць і рашучасць і не губляць Беларусь з парадку дня.

    Але я часта чую ад заходніх палітыкаў: цяпер не час. Спачатку вырашыць пытанне з Расіяй і Украінай, а потым будзем вырашаць пытанне Беларусі. У іх словах я чую стомленасць, і не толькі ад Беларусі, але нават і ад Украіны. Так не павінна быць. Беларусь – частка праблемы, але і частка яе вырашэння. І вырашаць яе трэба ў комплексе.

    Я веру, што перамены ў Беларусі могуць пачацца нашмат раней, чым многім здаецца. Рэжым не адчувае сябе ўпэўнена і паводзіць сябе так, нібыта сотні тысячаў людзей усё яшчэ пратэстуюць пад прэзідэнцкім палацам. Але акрамя рэпрэсій, яму няма чаго прапанаваць беларусам. Лукашэнкаўскі рэжым – палітычны банкрут, а ўлада яго трымаецца выключна на падтрымцы Пуціна. Чым слабейшы Пуцін – тым слабейшы будзе Лукашэнка, і наадварот.

    Дарагія калегі,

    Я заклікаю вас захоўваць паслядоўнасць і рашучасць і дапамагаць нам у пабудове свабоднай Беларусі.

    Нашая першачарговая задача – вярнуць Беларусі суб’ектнасць. Дзеля гэтага нам вельмі важна, каб свабодная Беларусь была прадстаўленая на міжнародных форумах і пляцоўках, парламенцкіх асамблеях Рады Еўропы і АБСЕ.

    Беларусь павінна быць часткай усіх сустрэчаў Люблінскага трохкутніка. Гэты альянс, які склаўся гістарычна, адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам і чаканням.

    Беларусь павінна мець еўрапейскую перспектыву: гэта тая супольнасць, да якой мы гістарычна належым. Для беларусаў важна чуць, што іх барацьба – не марная, што іх чуюць і іх чакаюць у Еўропе.

    Я заклікаю вас прыняць рэзалюцыю ў абарону беларускай незалежнасці. Сёння гэтае пытанне стаіць як ніколі востра. На нашай тэрыторыі знаходзіцца больш за 10 тысячаў расійскіх салдатаў. Расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі. Усе дамовы і рашэнні, якія прымае рэжым Лукашэнкі, павінны быць прызнаныя незаконнымі, а сам Лукашэнка павінен апынуцца перад трыбуналам.

    Я заклікаю вас падтрымаць нашых рэпрэсаваных. Больш за 4000 чалавек знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Кожны дзень затрымліваюць у сярэднім 17 чалавек. Ліквідаваныя 1700 недзяржаўных арганізацыяў, знішчаныя сотні незалежных медыяў. Сотні тысячаў былі вымушаныя выехаць з Беларусі.

    Мы назіраем сапраўдную гуманітарную катастрофу. Каб яе спыніць – неабходна дапамагаць тым, хто зазнае пераслед, і адначасова – узмацняць фінансавы і палітычны ціск на рэжым. Неабходна спыніць адчуванне беспакаранасці. Кожны, хто вінаваты ў злачынствах, павінен ведаць, што панясе адказнасць. Адзін з такіх механізмаў – універсальная юрысдыкцыя. Польшча можа заводзіць справы супраць сілавікоў і памагатых Лукашэнкі ўжо зараз, але для гэтага неабходная палітычная воля.

    Наладжвайце кантакты з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэмакратычных палітычных партыяў і беларускай грамадзянскай супольнасцю. Працягвайце падтрымліваць тэлеканал Белсат, Радыё Рацыя, праграму Каліноўскага, Вольны беларускі ўніверсітэт, беларускія незалежныя ініцыятывы і арганізацыі, такія як Беларускі Дом, Цэнтр Беларускай Салідарнасці, Беларускі Моладзевы Хаб, Медыяпорт, Free Belarus Сenter.

    Паважаныя сенатары,

    Я ведаю, што ў вас наперадзе выбары, і хачу пажадаць тым, хто балатуецца, паспяховай кампаніі. Я заклікаю вас зрабіць падтрымку свабоднай Беларусі часткай вашых перадвыбарчых праграмаў. Гэта стане важным пацвярджэннем сувязяў паміж нашымі народамі.

    Спадзяюся, што па выніках выбараў адновіцца і праца групы «За дэмакратычную Беларусь» у новым складзе. Каб у гэтую групу зноў уключыліся прадстаўнікі розных партыяў. Гэта будзе знакам скаардынаванай і салідарнай пазіцыі Польшчы па Беларусі.

    І ў мяне ёсць адна практычная прапанова – стварыць праграму стажыровак для маладых беларусаў у Сенаце. Беларусы шмат чаму могуць вучыцца ў Польшчы. Хочам убачыць у Беларусі не марыянеткавы парламент, а функцыянальную парламенцкую дэмакратыю.

    Шаноўныя сябры,

    Я ведаю, што мы годна пройдзем свой шлях да свабоды. І мне хочацца верыць, што гэтая бітва з імперыяй стане фінальнай. Мы скончым справу, пачатую паўстанцамі Каліноўскага і Касцюшкі. І станем апошнім пакаленнем, якое жыло пад прыгнётам.

    Нас не задаволяць паўмеры або суцяшальны прыз у выглядзе «мірнага неба над галавой», але ў складзе Расіі. Мы больш не павядземся на ўгаворы дыктатараў, бо добра вывучылі ўсе ўрокі, якія дала нам гісторыя. І паўтарылі гэтыя ўрокі яшчэ раз у 2020 годзе і ў лютым 2022 года.

    Нам не патрэбныя новыя ўрокі і новыя ахвяры. Мне здаецца, іх было дастаткова. Мы павінны разарваць бясконцы ланцуг гвалту. Пакінуць дыктатуры і імперскія авантуры ў далёкім мінулым.

    Я ведаю, што тут у зале сабраліся сябры Беларусі. І я ведаю, што магу разлічваць на вашую падтрымку.

    Мы абавязкова пераможам, і зробім гэта разам.

    Za naszą i waszą wolność!»

    Апошнія навіны