22 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла перад выпускнікамі Каледжа Еўропы ў Натоліне (Варшава) — адной з самых прэстыжных адукацыйных установаў Еўропы, якая рыхтуе будучых еўрапейскіх дыпламатаў, чыноўнікаў і палітычных лідараў.
У сваёй прамове Ціханоўская гаварыла пра будучыню Беларусі і Еўропы, вайну Расіі супраць Украіны, ролю Беларусі ў еўрапейскай бяспецы, а таксама пра адказнасць новага пакалення еўрапейцаў за абарону дэмакратыі. Асобную ўвагу яна надала ролі Беларусі ў архітэктуры еўрапейскай бяспекі.
Святлана Ціханоўская:
«Калі мяне пытаюць, чаму Беларусь важная, я адказваю проста: паглядзіце на мапу. Беларусь — гэта тысяча кіламетраў мяжы з Еўрасаюзам, ключавая інфраструктура і адзін з цэнтральных элементаў расійскай ваеннай машыны. Але адначасова гэта і яе самае слабае звяно».
Ціханоўская таксама адзначыла, што большасць беларусаў не падтрымлівае вайну і не падзяляе расійскіх імперскіх амбіцыяў. Яна таксама падкрэсліла, што мэтай міжнароднай супольнасці павінна быць не выратаванне Лукашэнкі ад Пуціна, а выратаванне Беларусі ад абодвух.
Звяртаючыся да выпускнікоў, яна заклікала іх не забываць пра Беларусь і абараняць каштоўнасці, на якіх пабудаваны Еўрапейскі саюз.
«Памятайце: дэмакратыя — гэта не абстрактнае паняцце. Гэта каштоўнасць, якую трэба абараняць кожны дзень. Пагроза дэмакратыі ў адной краіне — гэта пагроза дэмакратыі паўсюль».
У завяршэнні Ціханоўская падзякавала Каледжу Еўропы за падтрымку беларускіх студэнтаў і выказала надзею, што калісьці падобная ўстанова з’явіцца і ў дэмакратычнай Беларусі.
Кіраўніцтва Каледжа пацвердзіла Святлане Ціханоўскай, што працягне даваць стыпендыі беларусам.
