У Бруселі, падчас сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА, Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з італьянскай парламенцкай дэлегацыяй на чале з Ларэнца Чэза.
Спадар Чэза падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі рэгулярна абмяркоўваецца ў італьянскім парламенце. Ён адзначыў, што ў Італіі дзейнічае найбуйнейшая група салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю — яна аб’ядноўвае больш за 60 дэпутатаў.
«Я ўдзячная Італіі і ўсім італьянскім дэпутатам за нязменную падтрымку. Нядаўна мы правялі сустрэчу Альянсу за дэмакратычную Беларусь у Рыме, і я запрасіла італьянскіх парламентарыяў далучыцца да наступнай сустрэчы ў Парыжы ў кастрычніку», — сказала Ціханоўская.
У час сустрэчы былі абмеркаваныя:
• вызваленне Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў;
• падтрымка беларусаў, якія цяпер жывуць у Італіі;
• сітуацыя ва Украіне і яе ўплыў на рэгіён;
• пагрозы незалежнасці Беларусі з боку Расіі праз Лукашэнкаў рэжым;
• неабходнасць ціску на рэжым да поўнага спынення рэпрэсіяў.
«Мы павінны дабіцца не проста вызвалення асобных людзей, а незваротных дэмакратычных пераменаў, каб усе маглі вярнуцца дадому», — падкрэсліла Ціханоўская.
Яна таксама заклікала італьянскіх дэпутатаў далучыцца да мерапрыемстваў з нагоды 5-й гадавіны беларускіх пратэстаў 9 жніўня і падтрымаць ініцыятывы ў падтрымку палітвязняў.