Генеральны сакратар МЗС Ірландыі Джозэф Хэкет і Амбасадарка Ірландыі ў Літве і Беларусі наведалі Офіс Святланы Ціханоўскай. Беларуская лідарка падзякавала Ірландыі за падтрымку беларускіх медыя і культурных ініцыятываў: шэраг праектаў быў рэалізаваны пасля 2020 году пры дапамозе МЗС і Амбасады. Нагадаем, што Амбасада адказвае за кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, і за тое, што Ірландскія дыпламаты не ўручалі даверчыя граматы дыктатару.
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета распавяла пра сваю асабістую сувязь з Ірландыяй, бо калі яна яшчэ была ў падлеткавым узросце, то наведвала краіну па чарнобыльскіх праграмах.
Ціханоўская распавяла пра новы Гуманітарны фонд падтрымкі палітвязняў, які быў запушчаны ў Нарвегіі і падтрыманы Швецыяй. Фонд будзе дапамагаць рэпрэсаваным і сем’ям палітвязняў у пытаннях рэабілітацыі і дапамогі. Яна выказала спадзяванне, што Ірландыя таксама далучыцца да падтрымкі фонду. Паводле Ціханоўскай, больш за 1500 людзей ужо адбылі свае турэмныя тэрміны, зараз ім патрэбная псіхалагічная і медычная дапамога.
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета і генеральны сакратар абмеркавалі і пытанне санкцыяў ЕС у дачыненні да Беларусі. Ужо ў гэтым месяцы мае быць прыняты новы пакет санкцыяў ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская выказала спадзяванне, што Еўрасаюз не будзе рабіць ніякіх выключэнняў на калійныя ўгнаенні, а таксама — зробіць легалізацыйныя і візавыя палёгкі для беларусаў.
Ціханоўская і Хэкет абмеркавалі пытанне супрацоўніцтва ў культурнай сферы, падтрымку праектаў, накіраваных на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, і выдачы візаў для беларусаў. Ірландыя працягне выдаваць візы пры консульстве ў Маскве і праз дыпламатычныя ўстановы ў іншых краінах. Таксама закраналіся праблемы легалізацыі беларусаў у Ірландыі – у прыватнасці, пратэрмінаваныя пашпарты і атрыманне пашпартоў замежніка. Ірландыя будзе разглядаць досвед іншых еўрапейскіх краінаў у гэтым напрамку.