Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Калі дакумент узгодніць Савет Рэспублікі і падпіша Лукашэнка, то шматлікім індывідуальным прадпрымальнікам давядзецца перарэгістравацца ці спыніць працу.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч падкрэслівае: рэжым паслядоўна ўскладняе жыццё прыватнаму бізнесу.
«Новыя правілы істотна абмяжуюць спіс відаў дзейнасці, па якіх можна зарабляць індывідуальным прадпрымальнікам. Тым, хто не ўвойдзе ў гэты пералік, давядзецца перарэгістравацца ў юрыдычныя асобы да 31 снежня 2025 года або спыніць дзейнасць з 1 кастрычніка 2024-га.
Канчатковага спісу дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў відаў дзейнасці пакуль няма. Раней паведамлялася: у пераліку не будзе гуртавога гандлю, турыстычных і юрыдычных паслугаў, арганізацыі і правядзення культурніцкіх і забаўляльных мерапрыемстваў, некаторых паслугаў у галіне ІТ. Прыводзіліся падлікі, паводле якіх колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая – з 263 да 143 тысяч. Мінэканомікі ацэньвала скарачэнне амаль у 50 тысяч.
Індывідуальнае прадпрымальніцтва – самы просты спосаб пачатку камерцыйнай дзейнасці. Ён не патрабуе выдаткаў на офіс, бухгалтара або іншых супрацоўнікаў. Калі ў чалавека атрымліваецца развіць бізнес у форме ІП, з часам ён можа перарэгістравацца ў юрыдычную асобу, што мае свае плюсы для бізнесу большых памераў. Для параўнання, у Польшчы 2,5 млн. чалавек вядуць дзейнасць у форме ІП. Гэта ў 2,5 разы болей у пераліку на колькасць насельніцтва, чым у Беларусі.
Замест стварэння стымулаў для развіцця бізнесу, улады зноў вырашылі выкарыстоўваць забарону».