• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Чаму ЕС павінен стаяць разам з Беларуссю

    02 снежня, 2024

    Беларусь – гэта еўрапейская краіна. Яе народ падзяляе тыя ж каштоўнасці, што і людзі ў Варшаве, Парыжы і Берліне – свабоду, годнасць і самавызначэнне. На вуліцах Мінска, Гродна і Віцебска чуваць імкненні тысячаў беларусаў, якія рызыкавалі жыццямі ў 2020 годзе, мірна пратэстуючы за дэмакратычную будучыню. Яны зрабілі свой выбар: яны хочуць, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай краінай.

    Аднак сёння Беларусь знаходзіцца на раздарожжы. Падтрымліваючы Украіну, мы не павінны забывацца пра Беларусь. Застанецца яна пад уладай дыктатара, які абслугоўвае імперскія амбіцыі Расіі, ці выбера новы курс да Еўропы і дэмакратыі? Гэта пытанне не толькі пра будучыню Беларусі – гэта пытанне пра будучыню самой Еўропы. Дэмакратычная Беларусь стане ключом да доўгатэрміновага міру і стабільнасці ва Усходняй Еўропе.

    Падтрымка ЕС беларускага народа

    З 2020 года Еўрапейскі Саюз дэманструе нязменную падтрымку беларускага народа. ЕС увёў шэраг пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, накіраваных на тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і парушэнні правоў чалавека. Гэтыя санкцыі закранулі ключавыя сектары беларускай эканомікі, якая фінансуе як унутраныя рэпрэсіі, так і злачынную вайну супраць Украіны.

    ЕС таксама працягвае падтрымліваць беларускі народ. Больш за 140 мільёнаў еўра былі накіраваныя на дапамогу грамадзянскай супольнасці, незалежным медыя і праваабаронцам. Беларусь стала другой пасля Украіны краінай па колькасці грамадзянаў, якія атрымалі візы і міжнародную абарону ў ЕС. Станам на 2022 год больш за 400 000 грамадзянаў Беларусі пражываюць у ЕС. Гэтая падтрымка стала крытычна важнай для захавання дэмакратычнага руху нават ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў. Акрамя таго, ЕС паабяцаў 3 мільярды еўра на падтрымку мірнага дэмакратычнага пераходу ў будучыні.

    Што трэба зрабіць?

    ЕС павінен захоўваць і ўмацоўваць двухбаковы падыход: ізаляваць рэжым і падтрымліваць беларускі народ.

    1. Умацоўваць санкцыі. Рэжым Лукашэнкі з’яўляецца прамым саўдзельнікам у вайне Расіі супраць Украіны, дазваляючы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі. Санкцыі з’яўляюцца інструментам для ўздзеяння на паводзіны рэжыму. Яны павінны працягваць быць нацэленымі на архітэктараў рэпрэсіяў. Рэжым павінен быць пазбаўлены рэсурсаў, якія ён выкарыстоўвае для захавання ўлады і дэстабілізацыі рэгіёна. Мы таксама павінны падтрымліваць намаганні па прыцягненні вінаватых да адказнасці.
    2. Працягваць падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы. Праваабаронцы, незалежныя медыя і дэмакратычныя сілы з’яўляюцца асновай супраціву. Ім патрэбная мэтавая дапамога – фінансавая, тэхнічная, палітычная, каб захаваць агонь свабоды. Мы павінны супрацьстаяць дэзінфармацыі, падтрымліваць сем’і рэпрэсаваных і ўмацоўваць ініцыятывы, якія спрыяюць нацыянальнай ідэнтычнасці. Спробам Расіі сцерці беларускую мову, культуру і ідэнтычнасць трэба даць адпор. Мы вітаем рашэнне Еўрапейскага парламента аб падпісанні ліста супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
    3. Пашыраць мабільнасць для звычайных беларусаў. Закрываючы дзверы для рэжыму, мы павінны пакідаць іх адкрытымі для людзей. Праграмы мабільнасці, асабліва для моладзі, павінны быць пашыраныя. Беларусы павінны мець магчымасць атрымліваць візы і працягваць мець доступ да адукацыі і працы ў ЕС.
    4. Вызваліць палітычных зняволеных. З больш чым 1 300 чалавек за кратамі – многія знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Мы павінны працягваць нашыя аб’яднаныя намаганні для іх вызвалення. Некаторыя зняволеныя знаходзяцца ў крытычным стане і павінны быць вызваленыя неадкладна. Мы павінны выкарыстоўваць усе даступныя інструменты, уключаючы санкцыі і дыпламатычныя намаганні, каб не толькі дабіцца вызвалення ўсіх палітвязняў, але і пакласці канец рэпрэсіям у цэлым.

    Еўрапейская будучыня для Беларусі

    Самое галоўнае – мы павінны паказаць беларускаму народу яснае бачанне еўрапейскай будучыні. Беларусы павінны ведаць, што аднойчы, калі яны будуць гатовыя, дзверы ЕС будуць адкрытыя для іх краіны.

    Падтрымка ЕС дэмакратычнай Беларусі – гэта не толькі маральны абавязак, але і стратэгічная неабходнасць. Дэмакратычная Беларусь дапаможа забяспечыць мір і стабільнасць у рэгіёне, аслабіць уплыў Расіі на Усходнюю Еўропу і палепшыць бяспеку Еўропы ў цэлым.

    Час дзейнічаць

    Беларусь – гэта не проста суседняя краіна, гэта частка нашай агульнай еўрапейскай гісторыі. ЕС застанецца нязменным у сваёй падтрымцы беларускага народа і яго імкненняў да дэмакратычнай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і аб’яднанай Еўропы.

    Аўтары: Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычнай Беларусі, і Жазэп Барэль, Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах.

    Апошнія навіны