• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • 10 прынцыпаў новых выбараў. Канцэпцыя офіса Святланы Ціханоўскай

    07 снежня, 2020

    Паводле беларускіх законаў, датэрміновыя выбары можна правесці ў выпадку добраахвотнай адстаўкі прэзідэнта, вызвалення або змяшчэння прэзідэнта з пасады парламентам. Новыя выбары павінны прайсці мінімум праз 30 дзён, а максімум – праз 70 дзён пасля адкрыцця «вакансіі» прэзідэнта. У цяперашніх рэаліях падрыхтоўка да выбараў можа заняць ад 45 да 60 дзён.

    З выбарамі ў Беларусі ёсць некалькі палітычных і тэхнічных праблем. У Беларусі шмат гадоў жорстка ўціскалі свабоду слова і сходаў. А непасрэдна на выбарах было вельмі шмат фальсіфікацый і парушэнняў накшталт нядопуску назіральнікаў. Але многія праблемы вырашацца самі сабой, калі будзе палітычная воля да правядзення сумленных выбараў.

    Ёсць яшчэ адна добрая навіна: галоўнае пытанне не ў тым, як напісаныя Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс. Праблема ў тым, як яны прымяняюцца. А значыць, для вырашэння асноўных праблем дастаткова змяніць падзаконныя акты (палажэнні і інструкцыі ЦВК), а не цэлыя законы. Важны таксама давер да выбарчых органаў, а выбары павінны праводзіцца не для ўлады і не для кандыдатаў, а для людзей. Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс таго, што трэба зрабіць. Гэты дакумент створаны на аснове рэкамендацый беларускіх экспертаў, што маюць міжнародны досвед назірання за выбарамі.

    10 прынцыпаў новых выбараў:

    1. Даць назіральнікам доступ да ўсіх этапаў выбараў: ад вылучэння чальцоў выбарчых камісій да падліку галасоў.
    2. Павысіць прыярытэт мясцовых супольнасцяў (дваровых / дамовых) у складзе выбарчых камісій.
    3. Змяніць мэту працы камісій з пошуку несапраўдных подпісаў на пошук сапраўдных.
    4. Інтэрпрэтаваць сумнеўныя выпадкі на карысць прэтэндэнтаў з выбарнікамі, што аддалі подпісы ў іх падтрымку.
    5. Правяраць подпісы публічна.
    6. Распрацаваць больш дэталёвую форму пратаколаў для ўліку атрыманых, выдадзеных і запоўненых бюлетэняў на ўсіх этапах і для ўсіх формаў галасавання (датэрміновае, дома, на ўчастку).
    7. Абмежаваць датэрміновае галасаванне і дазволіць назіральнікам выконваць свае функцыі бесперашкодна і бесперапынна ў перыяд датэрміновага галасавання, і / або абсталяваць участкі неабходнымі сродкамі для кругласуткавай відэафіксацыі.
    8. Увесці правіла адкрытага і публічнага падліку галасоў: кожны бюлетэнь паказваецца ўсім чальцам камісіі і ўсім назіральнікам, пры гэтым на ўвесь голас агучваецца, за каго пададзены голас.
    9. Увесці правіла вывешваць пратаколы без прамаруджвання. І стварыць тэхнічнае рашэнне, каб усе пратаколы публікаваліся на сайце ЦВК.
    10. Не перашкаджаць назіральнікам праходзіць акрэдытацыю і назіраць за выбарамі. Усіх зарэгістраваных назіральнікаў дапусціць на ўчасткі з захаваннем ахоўных захадаў ад COVID-19.  Даць ім магчымасць запісваць аўдыя і відэа на ўчастках, не парушаючы пры гэтым тайну галасавання.

    Офіс Святланы Ціханоўскай перакананы, што ўнясенне гэтых правілаў у палажэнні і інструкцыі новага ЦВК дазволіць правесці сумленныя і свабодныя выбары прэзідэнта Беларусі.

    Адказы на галоўныя пытанні пра Канцэпцыю новых выбараў

    1. Дапрацоўка падзаконных актаў – гэта ўсе змены, што будуць тычыцца выбараў?

    Вядома, усе праблемы з выбарамі не вырашыць змяненнем падзаконных актаў. Беларусі патрэбная грунтоўная рэформа выбарчага заканадаўства, але гэта пытанне будучыні. Мы не гатовыя даверыць змяненне законаў кішэннаму парламенту. Калі цяперашняя ўлада не выконвае дзейныя законы, мы не можам верыць, што яны будуць прытрымлівацца новай Канстытуцыі або законаў.

    Мы ведаем, што многія хацелі б бачыць у складзе камісій прадстаўнікоў кандыдатаў, але гэта не прадугледжана цяперашнімі законамі. Рэформа выбарчага заканадаўства будзе нашым прыярытэтам, але цяпер наша мэта – правесці новыя выбары ў рамках дзейных законаў. Гэта дапаможа нашай краіне пазбегнуць якіх-небудзь абвінавачванняў у беззаконні. Усё будзе зроблена паводле закону, сумленна і празрыста.

    Вялікую ролю ў гэтым будуць выконваць выбарчыя камісіі, і асабліва ЦВК. Лідзія Ярмошына і яе каманда ўжо даўно страцілі давер грамадзян.  Яны не могуць і не павінны праводзіць новыя выбары. Мы кансультуемся з беларускімі экспертамі, што маюць вялізны міжнародны досвед. У адрозненне ад Лукашэнкі і Ярмошынай, мы не кантралюем і не прызначаем іх. І яны, і мы зробім усё магчымае, каб у нашых грамадзян прайшлі сумленныя выбары, якіх яны вартыя.

     2. Што дасць павышэнне прыярытэту мясцовых супольнасцяў у складзе камісій?

    Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што салідарнасць мясцовых супольнасцяў – гэта вельмі важны элемент барацьбы з нелегітымным рэжымам. Жыхары пад'ездаў, дамоў, двароў аб'ядналіся для абароны сваіх правоў. Грамадзяне паказалі, што гатовыя браць адказнасць у свае рукі. Мы лічым, што выбары ў Беларусі трэба праводзіць для грамадзян. Хто, як не грамадзяне, змогуць забяспечыць сумленнасць працэсу? Яны будуць несці адказнасць за сумленны падлік галасоў перад сваімі суседзямі і сябрамі. Гэта паслужыць гарантыяй па-сапраўднаму сумленных выбараў.

     3. Што значыць «змяніць мэту працы камісій з пошуку несапраўдных подпісаў на пошук сапраўдных»?

    У ходзе папярэдніх выбараў камісіі рабілі ўсё, каб знайсці падставы не рэгістраваць кандыдатаў. Іх задачай было знайсці як мага больш «непраўдзівых» і «несапраўдных» подпісаў. Агулам камісіі шукалі нагоду не верыць грамадзянам і кандыдатам. Трэба кардынальна памяняць падыход да праверкі подпісаў: шукаць добрыя подпісы, а не падставы іх лічыць несапраўднымі. Сумнеўныя выпадкі трэба трактаваць на карысць прэтэндэнтаў і грамадзян, якія аддалі подпісы ў іх падтрымку. Так, будуць памылкі пры зборы подпісаў, не выключаныя спробы фальсіфікаваць подпісы, але гэта не павінна быць падставай першапачаткова ставіцца да грамадзян нашай краіны з недаверам.

     4. Для чаго правяраць подпісы публічна?

    Праверка подпісаў – гэта працэс працаёмкі і тэхнічна складаны. Да прыкладу, мы не ведаем, хто і якім чынам праводзіў графалагічную экспертызу подпісаў. Мы ўвогуле не ўпэўненыя, што такая экспертыза праводзілася. Такія сумненні ўзнікаюць з-за закрытасці працэсу. Калі назіральнікі будуць мець доступ да гэтага працэсу, сумневы знікнуць самі сабой.

    5. Як весці сістэму ўліку бюлетэняў, каб фальсіфікацый не было?

    Пратаколы ўліку бюлетэняў і падвядзення вынікаў выбараў служаць адной важнай мэце – яны ствараюць упэўненасць у тым, што кожны бюлетэнь быў пададзены выбарнікам. Кожны пратакол павінен звяраць тры ключавыя параметры: 1) колькасць бюлетэняў на руках у камісіі, 2) колькасць бюлетэняў, атрыманых і пададзеных грамадзянамі, і 3) колькасць подпісаў у спісе выбарнікаў. Дэталёвыя пратаколы ва ўсіх формах галасавання дазволяць кантраляваць дзейнасць камісій і вызначаць, дзе маглі быць дапушчаныя памылкі або парушэнні.

    6. Чаму датэрміновае галасаванне нельга адмяніць, а не проста скараціць?

    Датэрміновае галасаванне прадугледжана выбарчым кодэксам – яго нельга адмяніць без змены законаў. Але важна разумець, што датэрміновае галасаванне само па сабе – не праблема. Праблемы ствараюцца прымусам да датэрміновага галасавання і спалучанымі з гэтым фальсіфікацыямі. Папярэднія выбары даюць падставы меркаваць, што ў скрыні для датэрміновага галасавання дадаваліся бюлетэні. Гэта можна выключыць з дапамогай лепшага доступу для назіральнікаў, тэхнічным удасканаленнем пламбавання скрыняў і відэафіксацыяй. Але галоўнае – калі нікога не прымушаць да датэрміновага галасавання і не спрабаваць перамагчы на выбарах праз фальсіфікацыі, то і датэрміновае галасаванне не будзе праблемай.

     7. Як зрабіць так, каб усе маглі бачыць пратаколы на сваіх участках?

    У ходзе папярэдніх выбараў пратаколы часта вывешваліся так, каб у грамадзян не было магчымасці іх убачыць. Падвядзенне вынікаў выбараў не ўключала публікацыю вынікаў на асобных участках. Гэта стварала ўражанне, што камісіям ёсць што хаваць. На новых выбарах хаваць будзе няма чаго і ўсе пратаколы будуць апублікаваныя і на ўчастках, і на сайце ЦВК. Мы ўпэўненыя, што IT супольнасць з радасцю дапаможа сваім суграмадзянам з тэхнічным рашэннем.

    Апошнія навіны