Сёння – 27 гадоў з дня стварэння праваабарончага цэнтра «Вясна». Офіс Святланы Ціханоўскай і дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр віншуюць праваабаронцаў: «Сёння, 26 красавіка, праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае свой 27 дзень нараджэння. Гэта важны момант для нас, каб пагаварыць пра смелую працу праваабаронцаў, якія зʼяўляюцца анёламі-ахоўнікамі тых беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю.
26 сакавіка 1996 года Алесь Бяляцкі, тады яшчэ кіраўнік музея Максіма Багдановіча ў Мінску, пачаў дапамагаць рэпрэсаваным – зборам інфармацыі пра затрыманых на мітынгах і пошукам дапамогі для іх семʼяў.
Праз 27 гадоў праваабаронцы ў Беларусі зʼяўляюцца ўвасабленнем духу справядлівасці і свабоды, часта самі рызыкуюць сваёй свабодай, каб забяспечыць захаванне і абарону асноўных правоў чалавека. Яны першымі прыходзяць на дапамогу тым, да каго ў дзверы стукае КДБ, ДФР ці ГУБАЗіК. Кожны дзень, яны збіраюць інфармацыю пра палітычных зняволеных – менавіта дзякуючы «Вясне» мы ведаем, што сёння іх 1497 чалавек. Дзякуючы «Вясне» мы ведаем, праз што яны праходзяць у турэмных засценках. Дзякуючы «Вясне» пра гэта ведае ўвесь свет. «Вясна» зʼяўляецца важнай часткай нашага грамадства, якая супрацьстаіць дэспатычнаму рэжыму.
Беларускія праваабаронцы самі сталі ахвярамі рэпрэсіяў, супраць якіх яны змагаюцца. На дадзены момант 6 супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра «Вясна» знаходзяцца ў турме за тое, што яны рабілі сваю працу. Гэта заснавальнік «Вясны» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік гомельскай суполкі Леанід Судаленка, валанцёр Андрэй Чапюк.
Гэта служыць напамінам пра тое, што барацьба за правы чалавека ніколі не бывае лёгкай. Беларускія «праваахоўнікі» правялі больш за 200 допытаў па справе «Вясны», і больш за 120 ператрусаў у супрацоўнікаў арганізацыі.
Адзначаючы дзень нараджэння праваабарончага цэнтра «Вясна», хочацца пазычыць ім не толькі смеласці, трываласці і мужнасці. Хочацца найперш пазычыць вясноўцам, каб Вясна прыйшла хутчэй, і ўсе тыя, хто кожны дзень змагаецца за правы беларусаў, выйшлі на волю, і змаглі спакойна ўдыхнуць вольнае паветра. Мы робім усё магчымае, каб гэта адбылося як мага хутчэй».