Прэзідэнт Дуда прыняў Святлану Ціханоўскую ў сваёй рэзідэнцыі – у Бельведэрскім палацы ў Варшаве.
Прэзідэнт выказаў падтрымку Святлане Ціханоўскай і ўсяму дэмакратычнаму руху. У сваю чаргу Ціханоўская падзякавала прэзідэнту і ўсяму польскаму ўраду за апошнія змены ў заканадаўстве, накіраваныя на паляпшэнне ўмоваў для легалізацыі беларусаў у Польшчы.
Святлана Ціханоўская распавяла пра новаствораны Аб’яднаны Пераходны Кабінет. Нагадала пра першую пастанову, прынятую Кабінетам, у якой ёсць рашэнне падтрымліваць Украіну і беларускіх добраахвотнікаў. Яна таксама распавяла пра галоўныя напрамкі працы кожнага з прадстаўнікоў Кабінета.
На сустрэчы абмеркавалі:
- сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі: тэрміны павялічваюцца, умовы ў турмах пагаршаюцца. Ціханоўская падкрэсліла, што сітуацыя крытычная і патрабуе міжнароднага рэагавання.
- вынікі Генасамблеі ААН, а таксама наступныя дзеянні на міжнароднай арэне, у прыватнасці ў АБСЕ. Польшча старшынюе ў АБСЕ да канца года. Ціханоўская прапанавала прэзідэнту правесці некалькі сустрэчаў высокага ўзроўня на пачатку снежня ў Польшчы па пытаннях сітуацыі ў Беларусі.
- магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны. Ціханоўская заявіла, што гэта недапушчальна.
- магчымыя мерапрыемствы і сустрэчы ў фармаце Люблінскага чатырохкутніка – Польшча, Літва, Украіна і Беларусь.
Каментар Ціханоўскай: «Прэзідэнт Польшчы — вялікі сябра Беларусі, выдатна арыентуецца ў нашых праблемах і нашай сітуацыі. Я ўдзячная яму, што на кожнай міжнароднай пляцоўцы ён не забываецца нагадваць пра нашую краіну і нашую барацьбу. Мы дамовіліся на шэраг канкрэтных крокаў і мерапрыемстваў у снежні гэтага года».