Таццяна Шчытцова – доктарка філасофскіх навук, прафесарка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Атрымала вышэйшую адукацыю і ступень кандыдата навук у Беларусі, доктарскую дысертацыю абараніла ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце (Масква). Стажыравалася ва ўніверсітэтах і каледжах Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША.
У якасці прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова будзе:
- Каардынаваць аказанне дапамогі студэнтам/студэнткам, адлічаным па палітычных матывах, а таксама педагогам сярэдняй і вышэйшай школы і навукоўцам, якія былі звольненыя з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі;
- Удзельнічаць у распрацоўцы новых рашэнняў і рэформаў у сферы адукацыі і навукі;
- Працаваць з беларускімі незалежнымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі адукацыі;
- Развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, каб зрабіць беларускую навуку інтэрнацыянальнай і прасоўваць даследаванні беларускай гісторыі і культуры;
- Займацца маніторынгам і аналізам падзей у сферы адукацыі і навукі ў Беларусі.
Каментар Таццяны Шчытцовай: «Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму беларускія школы апынуліся ў палоне абсурдных бюракратычных патрабаванняў, а ўніверсітэты цалкам страцілі аўтаномію. Наша адукацыя і навука – асабліва ў сацыягуманітарных дысцыплінах – крытычна адстаюць ад міжнародных стандартаў. Замест клопату пра якасць адукацыі рэжым адлічвае і звальняе нелаяльных, імкнучыся цалкам падпарадкаваць навучальныя ўстановы сваёй разбуральнай ідэалогіі.
Сёння перад намі стаяць дзве асноўныя задачы:
1. Дапамагчы адлічаным студэнтам/студэнткам знайсці магчымасць працягваць адукацыю;
2. Сумесна з экспертнымі супольнасцямі падрыхтаваць пакет прапаноў, якія стануць асновай рэформы адукацыі і навукі ў новай Беларусі».
Звязацца з Таццянай Шчытцовай можна па пошце education@tsikhanouskaya.org.
Офіс Святланы Ціханоўскай дзякуе Вользе Шпарага і яе камандзе за супрацоўніцтва на працягу мінулага года.