«Паважаны Вярхоўны камісар Барэль,
Паважаныя калегі і сябры Беларусі,
Для мяне вялікі гонар адкрываць першае пасяджэнне Кансультацыйнай групы «Беларусь – Еўрасаюз». Мы прайшлі доўгі шлях і нарэшце запускаем механізм для працы над двухбаковымі пытаннямі паміж Беларуссю і ЕС.
Вітаю сваіх сяброў-суайчыннікаў, саюзнікаў і калегаў, якія самааддана прысвячаюць сябе нялёгкай справе – збавенню ад дыктатуры і аднаўленню дэмакратыі ў нашай краіне, вызваленню нашага народа ад згубнай знешняй залежнасці, вяртанню Беларусі туды, дзе яна павінна быць, – у сям'ю еўрапейскіх народаў.
Гэтыя людзі прадстаўляюць ядро грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў. І на шчасце, наш рух поўны сілаў, энергіі і дынамікі. Без іх мы не дасягнулі б сваіх мэтаў.
Я ўдзячная Вярхоўнаму камісару Барэлю, ягонай камандзе і іншым інстытутам Еўрапейскага Саюза за тыя ўвагу і падтрымку, што яны падаюць беларускім дэмакратычным сілам, якія змагаюцца за вызваленне Беларусі. Менавіта ЕС мае ўсе магчымасці, каб узначаліць міжнародныя намаганні па ўрэгуляванні крызісу ў суседняй для сябе Беларусі. Я перакананая, што Група дапаможа вывесці ролю Еўрасаюза на новы ўзровень.
Я ўпэўненая, што мы актыўна і прадуктыўна абмяркуем канкрэтныя крокі, неабходныя ў нашым двухбаковым парадку дня. Сёння я хачу расказаць, як у маім разуменні Група дапаможа нашаму супрацоўніцтву, двухбаковым адносінам і беларускаму народу.
Мы запускаем працу Групы на фоне падзеяў, якія ўяўляюць пагрозу Беларусі і кідаюць выклік Еўрасаюзу. Перад намі стаіць усё больш задачаў: большасць з іх звязаныя з адказам на пагрозы, але па меры іх вырашэння з'яўляюцца і магчымасці. Асабліва калі размова ідзе пра развіццё грамадзянскай супольнасці, бо яна дапамагае ўцягнуць у вырашэнне праблемаў разнастайныя супольнасці ўнутры Беларусі і за яе межамі. Магчымасці ўзнікаюць і пры планаванні пераходнага перыяду і першапачатковых рэформаў у дэмакратычнай Беларусі. Асобным стратэгічным прыярытэтам з'яўляецца стварэнне Еўрапейскай перспектывы для Беларусі, над чым можна комплексна і сістэматычна працаваць сумесна з Групай.
Аднак нам таксама неабходна не ўцякаць ад жорсткай рэальнасці і працаваць над вырашэннем крызісу ў Беларусі, які пагражае самому яе існаванню з-за прысутнасці расійскай ваеннай сілы, размяшчэння ядзернай зброі, удзелу рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны і магчымага прыбыцця наймітаў ПВК «Вагнер». І гэта толькі пагрозы, якія з'явіліся не так даўно.
А ўсё пачалося з фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, жорсткага падаўлення мірных пратэстаў і масавых рэпрэсій. Падзеі тых фатальных месяцаў прывялі да з'яўлення тысячаў палітычных зняволеных, эміграцыі сотняў тысячаў людзей, поўнага разбурэння палітычнага поля, падаўлення грамадзянскай супольнасці, свабодных СМІ і спробаў знішчыць нашую нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта тыя пагрозы, на якія нам трэба адказваць ужо цяпер.
Як і ўкраінцы ў сваёй барацьбе супраць узброенай расійскай агрэсіі, беларусы таксама ў значнай ступені спадзяюцца на міжнародную падтрымку. Неабходна падтрымліваць палітычную і дыпламатычную ізаляцыю нелегітымнага рэжыму і ўзмацняць ціск там, дзе ён найбольш эфектыўны. Трэба знаходзіць новыя магчымасці падтрымліваць Беларусь на парадку дня. Трэба спыніць умяшанне Расіі ў справы Беларусі, якое выглядае як павольнае паглынанне суверэннай дзяржавы і пагражае самому існаванню Беларусі.
Неабходна знайсці вырашэнні шматлікіх праблемаў, з якімі масава сутыкаюцца ў жыцці беларусы, якія вымушана эмігравалі: легалізацыя, візы, адукацыя на беларускай мове і захаванне культурнай ідэнтычнасці. Адна з сур'ёзных задачаў, над якой мы працуем, – гэта стварэнне новага нацыянальнага пашпарта. У дзясяткаў тысячаў беларусаў хутка скончыцца тэрмін дзеяння пашпартоў. Незаконны рэжым хоча пазбавіць грамадзянства тысячы сваіх супернікаў, большасць з якіх пражывае ў ЕС. Нам трэба знайсці спосаб пазбавіць рэжым магчымасці кантраляваць жыццё людзей нават пасля пераезду ў вольныя краіны. І гэты спосаб – пашпарт новага ўзору.
Нарэшце, трэба імкнуцца зрабіць гэтую Групу механізмам, арыентаваным на вырашэнне праблемаў і накіраваным на вынік. Гэтая Група павінна на сталай аснове працаваць па розных кірунках, каб нашыя намаганні сапраўды адказвалі на праблемы, з якімі мы сутыкаемся.
Па маім глыбокім перакананні – і я прашу сп. Барэля і Еўрапейскую раду разгледзець гэтую ідэю – прызначэнне спецыяльнага прадстаўніка ЕС па Беларусі выведзе працу па Беларусі ў Бруселі на новы ўзровень. Гэтае прызначэнне дапаможа ўзгадняць працу розных інстытутаў ЕС, каардынаваць намаганні паміж краінамі-сябрамі ЕС і весці працу па Беларусі з нашымі сябрамі ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, а таксама з міжнароднымі арганізацыямі.
Нам трэба пашыраць магчымасці для Беларусі ўнутры Еўрапейскага саюза, а таксама садзейнічаць больш глыбокаму разуменню і высокай ацэнцы ЕС мільёнамі беларусаў.
Дзякуй за ўвагу. Я з нецярпеннем чакаю нашага супрацоўніцтва».