МУС Літвы паведаміла, што грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заявы на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве праз падраздзяленні знешняга пастаўшчыка паслуг у Арменіі і Грузіі. Рашэнне прынята ў сувязі са зменамі ў закон «Пра прававое становішча іншаземцаў», якія ўступаюць у сілу 1 лістапада 2026 года. З гэтай жа даты спыняецца прыём такіх заяў у Босніі і Герцагавіне, Казахстане, Кыргызстане і Узбекістане.
З 1 лістапада 2026 года грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заявы на часовы ВНЖ Літвы праз падраздзяленні знешняга пастаўшчыка паслуг у Грузіі і Арменіі. Гэта асабліва важна для беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і зараз знаходзяцца там: ім не прыйдзецца вяртацца ў Беларусь або ехаць у іншыя краіны для падачы дакументаў.
Пытанне даступных і бяспечных міграцыйных працэдур для беларусаў у Грузіі і Арменіі Офіс Святланы Ціханоўскай паслядоўна ўзнімаў у дыялогу з літоўскімі партнёрамі.
«Гэта канкрэтны вынік нашай працы з літоўскімі партнёрамі. Мы даўно ўзнімалі пытанне пра тое, каб беларусы ў Грузіі і Арменіі маглі падаваць дакументы там, дзе яны знаходзяцца. Удзячныя літоўскаму боку за тое, што ён пачуў нашы аргументы і знайшоў практычнае рашэнне. Для многіх беларусаў гэта сапраўды спросціць працэс легалізацыі ў Літве», — адзначыў Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.
Паводле даных Дэпартамента міграцыі Літвы, на 1 верасня 2026 года дазвол на пражыванне ў краіне мелі 47 872 грамадзяніна Беларусі, з іх больш за 33 тысячы атрымалі часовы ВНЖ на падставе працы.
