Сёння ў Вільні Святлана Ціханоўская адкрыла святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Волі, урачыстым падняццем бела-чырвона-белага сцяга каля Сейма Літвы. Гэтая цырымонія – частка ўшанавання 107-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Акрамя лідаркі дэмакратычных сілаў да акцыі далучыліся першы віцэ-спікер Сейма Літвы Юозас Олекас і дэпутаты Сейма. Распачалася цырымонія з хвіліны маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў жыццё за вольную Беларусь.
Святлана Ціханоўская – пра значэнне бел-чырвона-белага сцяга ў гісторыі Беларусі:
«Я адчуваю гонар, калі бачу наш сцяг сёння тут. Сцяг, які стаў сімвалам надзеі, пратэсту, а галоўнае – нязломнасці беларусаў. Бел-чырвона-белы сцяг нарадзіўся разам з нашай незалежнасцю. І сімвалічна, што яго стваральнік, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, жыў тут, у Літве.
Як і «Пагоню», гэты сцяг не раз спрабавалі забараніць. За яго кідалі ў сталінскія турмы, збівалі і зневажалі. Але беларусы зноў і зноў выносілі яго на вуліцы. І я веру, пакуль лунае наш сцяг, пакуль гучыць беларуская мова, пакуль у нас ёсць такія саюзнікі, як Літва і іншыя краіны-партнёры, мы вернем сабе незалежнасць і абавязкова даб’ёмся свабоды.
І хоць сёння мы ўздымаем наш сцяг у Вільні, я веру, мы абавязкова зробім гэта зноў, у Мінску. І абавязкова гукнём разам: «Жыве Беларусь!»