«Дарагія сябры, паважаныя прафесары, даследчыкі і госці Канферэнцыі Аляксантэры!
Я рада, што гэтую канферэнцыю праводзіць Універсітэт Хельсінкі, бо Фінляндыя таксама прайшла цяжкі шлях дэкаланізацыі.
Дзесяцігоддзямі сітуацыю ў маёй роднай Беларусі апісвалі словам «фінляндызацыя»: Беларусь намінальна была незалежнай, але заставалася ў расійскай сферы ўплыву.
Сёння ж «фінляндызацыя» азначае нешта зусім іншае. Фіны не толькі пазбавіліся сваёй ганебнай залежнасці ад метраполіі, але і далучыліся да НАТА, а да гэтага – да Еўрапейскага саюза.
Калі краіна знаходзіцца па суседстве з такім агрэсіўным зверам, як Расійская імперыя, яна не можа не сутыкацца са спробамі падрыву сваёй цэласнасці, ідэнтычнасці і суверэнітэту.
Мы бачым, што Расія робіць зараз у Беларусі і Украіне. Яна лічыць нашыя краіны калоніямі, якія трэба вярнуць у імперыю любымі сродкамі і любой цаной.
Паважаныя сябры,
Немагчыма дэкаланізаваць тэрыторыю, не дэкаланізаваўшы мысленне. Беларусы масава дэкаланізавалі сваё мысленне ў 2020 годзе. Яны раптам адкрылі для сябе сваю нацыянальную культуру. Нацыянальную гісторыю. Нацыянальныя сімвалы. І нацыянальны гонар. Усе тыя вобласці, у якіх, як шмат каму здавалася, мы саступалі Расіі. Нас вучылі саромецца сябе, але мы ўсвядомілі, што мы вартыя павагі.
Многія гэтага не чакалі. Ніхто не мог прадказаць такі паварот. Ніхто не мог прадбачыць, што пратэсты на гэты раз стануць такімі масавымі. Што колькасць стане новай якасцю.
Ці быў гэты цуд? Можа быць. Я ведаю адно – дэкаланізацыя мыслення незваротная. 2020 год змяніў беларусаў назаўжды.
З пачатку нашай мірнай рэвалюцыі мы вучымся думаць пра Беларусь у кантэксце нашага еўрапейскага мінулага і нашай еўрапейскай будучыні. Бачыць Беларусь як частку Еўропы.
Сярод нашых палітычных зняволеных – многія прадстаўнікі нашай багатай культуры: паэты, музыканты, мастакі, журналісты, навукоўцы і нават лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, Алесь Бяляцкі.
Сярод зняволеных інтэлігентаў – філосаф Уладзімір Мацкевіч. Яму прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі. Ён пісаў: «На першым месцы ў нас мусіць быць Вялікая беларуская мара, і толькі потым можна думаць пра ідэалогіі. Калі ў нас будзе Вялікая беларуская мара, ніякія ідэалогіі для нас не будуць небяспечныя».
«Сёння ў нас нарэшце ёсць Вялікая беларуская мара. І імя гэтай мары – Еўропа.
Працэс дэкаланізацыі Беларусі прыпыніўся з таго часу, як пры падтрымцы Расіі ў краіне разгарнуўся масавы гвалт. Пачаўся зваротны працэс – рэкаланізацыя, з-за якой тысячы людзей сталі палітычнымі зняволенымі, а сотні тысяч апынуліся ў выгнанні. Была ўведзеная напаўафіцыйная забарона беларускай мовы, беларускай літаратуры і гісторыі ў школах. Царква стала палітычным інструментам. Пачалі набіраць абароты русіфікацыя і прапаганда вайны ва ўсіх сферах. У Беларусі з'явіліся расійскія войскі і ядзерная зброя.
Але рэкаланізаваць Беларусь не атрымаецца. І саму ідэю «рускага свету» таксама не атрымаецца ўвасобіць у жыццё. Чаму? Проста таму, што кола гісторыі нельга павярнуць назад. Вялікая беларуская мара аб Еўропе стане рэальнасцю – рана ці позна.
Жадаю вам плённых дыскусій аб Еўропе. Давайце дэкаланізуем нашае мысленне і будзем глядзець на поўную карціну. У гэтым і ёсць праца вучоных. Нам, палітыкам, патрэбны вашы веды і ідэі. Дзякуй за вашыя даследаванні – і дзякуй, што думаеце свабодна.
Жыве Беларусь».