«Дарагія сябры, літоўцы і беларусы,
Гэты семінар – выдатная нагода пагаварыць аб месцы Беларусі ў Еўропе і аб літоўска-беларускіх адносінах.
Хацелася б падзякаваць Таццяне Чуліцкай і прафесарке Карасцялёвой, а таксама Віленскаму ўніверсітэту за арганізацыю гэтага мерапрыемства.
Асобны дзякуй прафесару Шэшэльгіце з Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук. Ваш інстытут будуе масты паміж літоўскай і беларускай акадэмічнай супольнасцю і дапамагае нашым народам лепш разумець адзін аднаго.
Мы ніколі не забудзем тую падтрымку, якую атрымалі ад Літвы. Мы захапляліся вашай салідарнасцю з намі ў 2020 годзе і захапляемся да гэтага часу. Мы ніколі не забудзем Шлях свабоды, які прайшоў у жніўні 2020 года тут, на вуліцах Вільні, пад тысячамі сцягоў – як літоўскіх, так і беларускіх.
Тысячы беларусаў уцяклі ад тэрору і знайшлі прытулак тут, у Літве. І першым чалавекам, які мяне прыняў і дапамог арганізаваць нашу працу ў выгнанні, быў мой сябар Лінас.
Тут, у Літве, працягнулі сваю працу сотні бізнесаў, НДА, СМІ, праваабарончых цэнтраў. Тут праходзяць рэабілітацыю былыя палітычныя вязні, якія прайшлі праз кашмар турмаў, што мала адрозніваюцца ад сталінскіх.
Літва стала месцам, дзе сабраліся вольнадумныя беларусы. Мы бачым гэта паводле апытанняў: больш за 95% беларусаў у Літве выступаюць супраць вайны Расіі ва Украіне і падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі.
Але нават для звычайных людзей Літва – маяк надзеі. Шмат хто з тых, хто не з'яўляецца палітычнымі актывістамі, прыязджаючы сюды, бачыць іншую будучыню для Беларусі – еўрапейскую будучыню. Многія бачаць у Літве прыклад для нашай краіны. 2020 год не быў бы магчымы, калі б Літва і Польшча раней не выдалі беларусам мільёны віз.
Мы разумеем, што мы тут госці і прыехалі сюды часова. Таму што наша мэта – вярнуць сваю краіну і прыехаць дадому.
Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна будуць рабіць усё магчымае, каб разбурыць сяброўства беларусаў і літоўцаў. Сілы, якія выступаюць супраць дэмакратыі, мэтанакіравана спрабуюць, пасеяць недавер паміж нашымі народамі, арганізаваць правакацыі.
Некалькі тыдняў з’явілася відэа з нападкамі на Літву, за якім яўна стаіць беларускі КДБ. У ёй размаўлялі на літоўскай мове ад імя беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Дазвольце мне запэўніць вас: беларусы не маюць і ніколі не будуць мець якіх-небудзь тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Літва і Вільня належаць літоўцам. Кропка.
Рэжым эксплуатуе страхі звычайных людзей і непаспяхова распаўсюджвае дэзінфармацыю. Але нам трэба не паддавацца на гэта і шукаць тое, што яднае нас, а не падзяляе. Нам трэба ўмацоўваць нашае супрацоўніцтва ў палітычных, акадэмічных, медыйных і культурных сектарах.
Гэта ў інтарэсах Літвы – каб Беларусь была дэмакратычнай і незалежнай еўрапейскай краінай, прадказальнай суседкай, якая не кантралюецца Расіяй. І мы мусім працаваць над гэтай мэтай разам.
Мы разумеем занепакоенасць Літвы ў пытаннях бяспекі. Несумненна, рэжымы Лукашэнкі і Пуціна будуць спрабаваць падарваць бяспеку Літвы. Мы бачым, што яны робяць на граніцах. Аднак трэба лячыць не толькі сімптомы, але і саму сутнасць праблемы, а сутнасць у тым, што ў Беларусі недэмакратычны рэжым. Патрэбныя эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму, з аднаго боку, і падтрымка для грамадства – з другога. Беларускае грамадства выступае за еўрапейскую дэмакратычную будучыню нашай краіны, і мы ясна прадэманстравалі гэта ў 2020 годзе.
Нельга ўраўноўваць беларусаў і набліжаных да рэжыму. Апошніх мала. Трэба ідэнтыфікаваць іх і не дазваляць ім ездзіць сюды ці займацца бізнесам, абыходзіць санкцыі і злоўжываць гасціннасцю Літвы. Мы, дэмакратычныя сілы, гатовы аказаць усю неабходную дапамогу ў верыфікацыі людзей і выкананні санкцый.
Трэба ізаляваць рэжым, але трымаць межы адкрытымі для беларусаў. І я ўдзячная Літве за яе рашэнне не закрываць межы для пасажырскага трафіку. Але мяне непакоіць тое, што дзясяткі тысяч літоўцаў кожны дзень падарожнічаюць у Беларусь. Тамака ім відавочна пагражае рэжым.
Трэба мацаваць беларускія арганізацыі ў выгнанні. Нельга недаацэньваць іх значэнне. Як вы ведаеце, у беларусаў у выгнанні больш няма магчымасці падоўжыць свае пашпарты ці іншыя дакументы. Мы рыхтуем новыя беларускія пашпарты, каб людзі маглі пацвярджаць сваё грамадзянства і мелі магчымасць падарожнічаць. І мы кіруемся вашым прыкладам. Падчас савецкай акупацыі ўрад незалежнай Літвы ў выгнанні таксама выпускаў свае ўласныя пашпарты. Я цалкам падтрымліваю прапанову ўрада Літвы падоўжыць віды на жыхарства да трох гадоў і выдаваць пашпарты замежніка беларусам, якія не могуць вярнуцца дадому.
Дарагія сябры,
Мы па-сапраўднаму хочам жыць у сваю краіну і каваць уласны лёс. І шлях Літвы да свабоды і незалежнасці сапраўды натхняе нас.
Беларусы таксама ідуць гэтым шляхам. Я цвёрда веру, што ў рэшце рэшт, як і сённяшняя Літва, Беларусь стане членам Еўрапейскага саюза.
Так, сёння гэта здаецца далёкай будучыняй. Але мы даб'емся нашай мэты. Таму што сяброўства ў Еўрапейскім саюзе – гэта адзіная альтэрнатыва «рускаму свету».
«Рускі свет» – гэта наш агульны вораг. Давайце ўмацоўваць наша сяброўства, каб разам супрацьстаяць гэтаму ворагу.
Вялікі дзякуй.
Жыве Літва, Жыве Беларусь».