Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам ірландскага Сената Джэры Бацімерам. Беларуская лідарка распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў супраць палітзняволеных. У сваю чаргу, спікер выказаў жаданне ўзяць патранаж над адным з палітвязняў, а таксама заклікаць іншых сенатараў далучыцца да кампаніі.
На сустрэчы абмеркавалі адпраўку адмысловай місіі ірландскага Парламента ў Варшаву і Вільню для сустрэчы з беларускімі актывістамі, журналістамі, рэпрэсаванымі, каб падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі. Гаварылі і пра рэзалюцыю па Беларусі, якую ўжо рыхтуе Парламент Ірландыі.
Святлана Ціханоўская пра сустрэчу: «Пытанне Беларусі аб’ядноўвае дэпутатаў ірландскага Парламента незалежна ад палітычных поглядаў і партыйнай прыналежнасці. Мы створым групу сяброў дэмакратычнай Беларусі, якая будзе падтрымліваць Беларусь на парадку дня, і будзе месцам выпрацоўкі стратэгіі і палітыкі па Беларусі».
Спікер у сваю чаргу заявіў, што сябры Сената ўвойдуць у групу сяброў Беларусі, калі такая будзе створаная ў Парламенце.