Сёння Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу ў анлайн-фармаце з новай міністаркай замежных спраў Нарвегіі Аннікен Хюітфельд.
Важнай тэмай сустрэчы з міністаркай стала супрацоўніцтва нарвежскай кампаніі Yara з «Беларуськаліем». Нягледзячы на прыняўшыя сілу ў гэтым месяцы амерыканскія санкцыі супраць гэтай беларускай кампаніі, а таксама новыя санкцыі супраць Беларускай калійнай кампаніі Yara працягвае набываць беларускі калій. Ціханоўская атрымала разуменне Хюітфельд і адзначыла, што беларусы лічаць неэтычным супрацоўніцтва з «кашалькамі» рэжыму.
Падчас сустрэчы Ціханоўская:
– падзякавала Нарвегіі за актыўную пазіцыю і падтрымку пятага пакета санкцый ЕС, куды Нарвегія не ўваходзіць. Беларуская лідарка адзначыла – важна закрыць шчыліны ў санкцыях і ўзмацніць ціск на рэжым;
– адзначыла важнасць таго, што Нарвегія прыняла ўдзел у запуску Венскага механізма ў АБСЕ;
– у сувязі з тым, што Нарвегія з'яўляецца дзейнай удзельніцай Рады бяспекі ААН, заклікала падымаць беларускае пытанне ў ААН і абмеркаваць стварэнне міжнароднага трыбунала па злачынствах рэжыму;
– заклікала працягваць аказваць дапамогу незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, студэнтам і навукоўцам. На дадзены момант Нарвегія ўжо падтрымлівае EHU, ECLAB, Нарвежскі Хельсінскі камітэт, Дом правоў чалавека, выдзяляе гранты медыя і культуры, а таксама ўдзельнічала ў запуску платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму IAPB.
Беларуская лідарка таксама адзначыла, што важна дыпламатычна ізаляваць рэжым і не дапускаць кантактаў з яго прадстаўнікамі, пакуль патрабаванне беларускага народа аб вызваленні ўсіх палітзняволеных не будзе выканана.
Ціханоўская ўжо сустракалася з міністаркай у жніўні, калі Хюітфельд была старшынёй камітэта па замежных справах нарвежскага парламента.