Святлана Ціханоўская: «Сёння Пуцін афіцыйна прызнаў, што жыццё чалавека нічога не каштуе, калі ягоная «спецаперацыя» за сем месяцаў не прывяла да поспеху. Ваенная мабілізацыя толькі для выгляду названая частковай, у выніку паміраць ні за што адправяць людзей незалежна ад узросту, прафесіі і ваеннага стажу. І цяпер галоўнае пытанне для нашай краіны – ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў?
Ні беларускае войска, ні беларускае грамадства не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. У беларусаў ніколі не было цягі да гвалту ці амбіцый заваёўваць чужыя тэрыторыі. Апошняя вайна, у якую былі ўцягнутыя беларусы, – гэта трагічны для народа і ганебны для ўлады досвед у Афганістане. Людзей адпраўлялі ваяваць дзеля невыразных палітычных мэтаў, а вярталіся яны адтуль у цынкавых трунах. Лукашэнка ўжо шмат разоў ішоў супраць волі народа, але калі ён адпраўляе беларусаў паміраць на вайне – гэта ўсё роўна, што ён заходзіць у дом кожнай беларускай сям'і і сваімі рукамі забівае бацьку ці сына.
Я заклікаю ўсіх беларусаў памятаць: гэты чалавек здаў частку суверэнітэту Беларусі. Ён не ў стане абараніць наш народ ад вайны, ён толькі ўцягвае нас у яе яшчэ больш. Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа патрапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў. Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі, калі яны спрабуюць знайсці вас, калі трэба, часова змяніце месца жыхарства, паспрабуйце арганізаваць сваю бяспеку. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, – паведамляйце пра гэта медыям і актывістам. Даведвайцеся пра навіны ад калегаў і сяброў, аператыўна дзяліцеся інфармацыяй з тымі, хто не чытае незалежныя СМІ. Калі вас ужо адправілі на вайну – складвайце зброю, беларускае грамадства вас падтрымае. Ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі».