Акадэмія жаночага палітычнага лідарства — гэта адукацыйная праграма для жанчын з дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці Беларусі ў выгнанні, якую рэалізуе Офіс Святланы Ціханоўскай (#OST) разам з Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы (#OfficeBLRinCZE). Яна адкрывае шлях для тых, хто бачыць сябе ў ролі ўплывовых прадстаўніц грамадства ці сваёй сацыяльнай групы, гатовых актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах, абараняць інтарэсы Беларусі на нацыянальным і міжнародным узроўнях, а таксама фармаваць будучыню краіны.
Мы рыхтуем новую гадавую праграму Акадэміі жаночага палітычнага лідарства, якая распачнецца ў 2026 годзе. Падрабязнасці будуць апублікаваныя ў пачатку года — сачыце за навінамі!
Чаму мы ладзім гэтую праграму?
Беларускі дэмакратычны рух апошніх гадоў немагчыма ўявіць без жанчын. Яны былі і застаюцца арганізатаркамі, ініцыятаркамі, эксперткамі, удзельніцамі падзеяў. Але жанчыны па-ранейшаму недапрадстаўленыя пры прыняцці палітычных рашэнняў, іх палітычныя галасы рэдка можна пачуць у публічнай прасторы, яны часта застаюцца непрыкметнымі. Нават пры высокай уключанасці беларускія жанчыны не маюць сістэмнай падтрымкі, глебы для палітычнага росту і самастойнага прадстаўніцтва.
Гэта вынік не толькі традыцыйнай няроўнасці, але і адсутнасці адукацыйных, рэфлексійных і арганізацыйных інструментаў, якія адпавядалі б беларускім рэаліям і патрэбам жанчын. Сёння, ва ўмовах выгнання, разарванасці і стомы, асабліва важна не толькі захоўваць актыўнасць, але і адкрываць новыя магчымасці для палітычнага самавызначэння.
Мы прапаноўваем удзельніцам:
- Тэарэтычны блок, прысвечаны разуменню палітычнай сістэмы, прадстаўніцтва, інстытутаў і прыняцця рашэнняў. Асноўная ўвага — на тым, як гэтыя працэсы працуюць у дэмакратыях і як да іх можа далучацца беларуская супольнасць.
- Практычныя заняткі, прысвечаныя развіццю палітычнага мыслення і публічнага выказвання: фармуляванне пазіцыі, выступы перад аўдыторыяй, праца з пытаннямі і крытычнымі сітуацыямі, падрыхтоўка камунікатаў і наратываў, стварэнне ініцыятываў і рухаў.
- Сустрэчы з прадстаўніцамі міжнародных арганізацыяў, парламентаў, грамадскіх ініцыятываў і палітычных рухаў — як спосаб убачыць магчымыя сцэнары развіцця і паразважаць пра сваё месца ў палітыцы.
- Прастору для аналізу ўласнага досведу, рэфлексіі і адкрытага абмену — без ціску, у бяспечнай і ўключальнай атмасферы.
- Супольнасць удзельніц, якая ўзнікае ў працэсе і становіцца рэсурсам падтрымкі і далейшага сумеснага дзеяння.
Чаму вам будзе цікава?
- Навучыцеся пераадольваць стэрэатыпы, вызначаць палітычныя мэты, будаваць «дарожныя карты» да лідарства, развіваць навыкі ўплыву, публічных выступаў, дэбатаў і перамоваў.
- Знойдзеце аднадумцаў сярод актыўных беларусак, супольнасць для ўзаемадапамогі, гарызантальных сувязяў і доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў анлайн- і афлайн-фарматах.
- Атрымаеце веды па праектным менеджменце, дэлегаванні, фінансавай граматнасці, паліттэхналогіях, напісанні артыкулаў, вядзенні сацсетак і PR, каб рэалізоўваць уласныя ініцыятывы.
- Паўдзельнічайце ў міжкультурным абмене, навучальных візітах, сустрэчах з эксперткамі і лідаркамі, якія падзеляцца з вамі досведам.
- Распрацуеце і ўвасобіце палітычны праект, возьмеце ўдзел у стажыроўках, візітах і іншых падзеях.
Эксперткі і выкладчыцы Акадэміі
Спіс спікерак і экспертак залежыць ад канкрэтнай праграмы Акадэміі. Ён публікуецца ў анонсе або спісе мерапрыемстваў, што даступныя толькі ўдзельніцам.
Падчас мінулых падзеяў з удзельніцамі сваімі ведамі і досведам падзяліліся:

Марына Ментусава
Экспертка па гендарнай роўнасці, актывістка, аўтарка і вядучая

Валянціна Чэкан
Кансультантка па пытаннях дзелавых камунікацыяў і публічных выступаў

Валянціна Палевікова
Актывістка і менеджарка Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў

Крысціна Шыянок
Дырэктарка Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы
Праграмы і мерапрыемствы ў межах Акадэміі жаночага палітычнага лідарства
Гадавая праграма Акадэміі палітычнага жаночага лідарства
Запланаваная на 2026/2027
Гэта будзе інтэнсіўная праграма на 12 месяцаў з анлайн-лекцыямі, семінарамі, трэнінгамі і не толькі. Па выніках праграмы вы зможаце распрацаваць уласны палітычны праект.
Сачыце за навінамі!
Акадэмія жаночага палітычнага лідарства для беларусак з досведам палітзняволення
Прага, 22–27 лістапада 2025
Мы запрасілі беларусак, якія маюць досвед палітзняволення, паглыбіць сваю палітычную пісьменнасць і развіць лідарскія навыкі. Гэта дазволіць ім пашырыць грамадскі ўплыў у палітыцы, стварыць прафесійныя сеткі і падтрымаць адна адну на палітычным шляху.
Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай
Варшава, 10 жніўня 2025
Падчас сняданку ўдзельніцы абмеркавалі аб’яднанне жанчын у палітыцы і актывізме, эканамічныя і сацыяльныя выклікі для беларусак, а таксама шляхі ўключэння ўдзельніц у ініцыятывы і сумесную працу па фарміраванні будучай палітыкі Беларусі. Выступілі вядомыя спікеркі і эксперткі: прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліса Рыжычэнка, Вольга Зазулінская і Юлія Міцкевіч, праваабаронца Марыя Бабовіч і паліталагіня Роза Турарбекава. Святлана Ціханоўская падзялілася сваім досведам у палітыцы і не толькі.









Першая Акадэмія жаночага палітычнага лідарства
Варшава, 25–26 траўня 2025
Праграму прайшлі 15 удзельніц. Яны сустрэліся з эксперткамі і навучыліся пераадольваць стэрэатыпы, вызначаць свае палітычныя мэты і будаваць «дарожныя карты» да лідарства, развіваць лідарскія навыкі і будаваць супольнасці. Пасля праграмы сфарміравалася сетка ўзаемадапамогі.
У межах Акадэміі прайшла сустрэча са Святланай Ціханоўскай.
Што казалі ўдзельніцы пра праграму?
«Ідэі, сфармуляваныя разам, пачалі пераўтвараць у жыццё».
«Адназначна скарыстаюся парадамі па публічных выступах».
«Акадэмія — гэта не проста навучанне. Гэта рух. Гэта супольнасць. Гэта сіла тых, хто гатовы дзейнічаць. Шчыры дзякуй!»
«Менавіта падчас жывога абмену досведам нараджаюцца канкрэтныя дзеянні, з’яўляюцца новыя знаёмствы, узнікае атмасфера даверу і сяброўства — тое, што асабліва важна для жаночай салідарнасці, узаемнай падтрымкі і адчування ўласнай сілы».
«Я вельмі натхнілася моцнымі і таленавітымі жанчынамі і буду падтрымліваць іх праз мае кантакты і магчымасці».
«Я сапраўды задумалася над тым, каб перанесці прыклад Акадэміі ў меншым маштабе на дзейнасць сваёй арганізацыі, напрыклад, зладзіць хаця б некалькі лекцый для беларусак — жыхарак майго горада».
«З радасцю засталася б у камунікацыі з цудоўнымі жанчынамі, ведаючы, што магу да іх звярнуцца па падтрымку, парады, ды для развіцця праектаў».