Падчас візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўская сустрэлася з удзельніцамі адукацыйнай праграмы для жанчын, якія імкнуцца актыўна ўплываць на палітычнае жыццё Беларусі. Падчас размовы актывісткі дзяліліся з лідаркай уласным досведам лідарства, распытвалі Ціханоўскую пра асаблівасці яе палітычнага шляху. Таксама ішло абмеркаванне, як пераадольваць агульныя для суразмоўцаў выклікі ў публічнай дзейнасці.
Акадэмія жаночага палітычнага лідарства арганізуецца Офісам Святланы Ціханоўскай сумесна з Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы нямецкага фонду Friedrich Ebert Foundation (FES). Пляцоўку ж для Акадэміі прадстаўляе Imaguru Startup HUB.
На працягу праграмы ўдзельніцы працуюць з эксперткамі, каб:
- узмацніць кампетэнцыі беларускіх жанчын у палітыцы;
- атрымаць карысныя парады і інструменты для самарэалізацыі ў палітычнай сферы;
- стварыць устойлівую сетку жаночай падтрымкі і салідарнасці.
Святлана Ціханоўская:
«Ад нашай з вамі актыўнасці, адказнасці, дасведчанасці залежыць будучыня нашага дэмакратычнага руху. Веру, што гэтая Акадэмія дапаможа вам гэта ўсвядоміць і не баяцца браць на сябе адказнасць, не баяцца адстойваць сваё бачанне, не баяцца быць іншымі — і лепшымі».