Беларусы і беларускі сутыкаюцца з рэпрэсіямі і абмежаваннямі з боку рэжыму. Асобным ударам стаў указ аб спыненні консульскіх паслугаў за мяжой, які пазбавіў тысячы людзей па-за краінай магчымасці атрымаць новы пашпарт ці іншыя дакументы.
У гэтай сітуацыі ўзнікае патрэба ў надзейнай, актуальнай і зразумелай інфармацыі: як аформіць сваё знаходжанне ў іншай краіне, як атрымаць дакументы на замену пашпарта і куды бяспечна падарожнічаць.
Што такое Pashpart.org?
Pashpart.org — гэта анлайн-даведнік, створаны дэмакратычнымі сіламі Беларусі — Офісам Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Народнымі Амбасадамі.
Праект накіраваны на тое, каб беларусы і беларускі за мяжой мелі доступ да праверанай і практычнай інфармацыі, неабходнай для бяспекі ад пераследу і легальнага знаходжання ў іншых краінах.
Што ёсць на сайце?
Сярод ключавых раздзелаў:
- краіны, дзе можна атрымаць пашпарт замежніка або альтэрнатыўныя дакументы;
- інфармацыя пра шлюб — як афлайн, так і анлайн;
- усе краіны і тэрыторыі свету з пазнакамі «рэкамендуецца» і «не рэкамендуецца» для падарожжаў;
- інтэрактыўная карта бяспечнага падарожжа;
- падрабязны раздзел пра атрыманне прытулку.
Каму дапаможа праект?
Pashpart.org будзе карысны беларусам і беларускам, якія:
- не могуць атрымаць або аднавіць пашпарт;
- шукаюць альтэрнатыўныя дакументы;
- плануюць падачу на прытулак ці іншыя працэдуры па прававым афармленні свайго знаходжання за мяжой;
- хочуць зразумець, у якія краіны бяспечна падарожнічаць;
- сутыкаюцца з пытаннямі шлюбу, пераезду, статусу і інш.
Сайт рэгулярна абнаўляецца, каб беларусы і беларускі па ўсім свеце маглі лепш паклапаціцца пра сваю бяспеку.
Беражыце сябе і падзяліцеся спасылкай з тымі, каму гэты рэсурс можа быць патрэбны.
Праект зроблены з удзелам Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Народных Амбасадаў Беларусі пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Эберта.