• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сахашчык, Латушка, Азараў, Кавалеўскі: Ціханоўская аб’явіла Аб’яднаны Пераходны Кабінет і назвала першых чальцоў

    09 жніўня, 2022

    «Я прыняла рашэнне стварыць Аб'яднаны Пераходны Кабінет – калектыўны выканаўчы орган, які будзе кожны дзень працаваць на галоўныя мэты:

    • Абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
    • Аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак.
    • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў.
    • Распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

    І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні.

    Па правілах дэмакратыі і празрыстасці ўсе кандыдатуры павінны прайсці ўхваленне прадстаўнічага органа – і я разлічваю тут на Каардынацыйную раду. Але ідзе вайна, нашая краіна пад пагрозай страты суверэнітэту, і я згодная з Паўлам Паўлавічам: час дзейнічаць. Таму першыя ключавыя кандыдатуры я прызначаю зараз, тэрмінам на 6 месяцаў, для наступнага ўзгаднення іх будучым прадстаўнічым органам.

    Я радая аб'явіць першых людзей, якія гатовы працаваць і ўзмацніць Кабінет і запрасіць іх на сцэну.

    – Павел Латушка, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады.

    – Аляксандр Азараў, прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку.

    – Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Кабінета па замежных справах.

    – Валерый Сахашчык, прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.

    Цяпер гэта нашая агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасці маімі намеснікамі будуць Павел Латушка і Валер Кавалеўскі. Таксама ў Кабінеце павінны з'явіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, па эканоміцы і фінансах, па нацыянальным адраджэнні. Кабінет можа і будзе пашырацца.

    Мы не можам чакаць, калі каманда будзе сабраная цалкам – пачынаем працу ўжо цяпер. Але нам патрэбныя яшчэ прадстаўнікі, менеджары, камунікатары – таму далучайцеся да працы, усе нашыя кантакты адкрытыя, выкарыстоўвайце іх. І Кабінету, і нашаму руху агулам трэба больш жаночых галасоў – і, дарагія беларускі, я спадзяюся на вашую ініцыятыву.

    Сачыце за нашымі каналамі ў сацыяльных сетках, у іх у найбліжэйшы час з'явяцца дакументы аб мэтах, рэгламенце і структуры Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. А таксама пра яго найбліжэйшыя наступныя крокі.

    Працягнецца і перазапуск Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа. Каардынацыйная рада скончыць падрыхтоўку рэарганізацыю да 1 верасня.

    Падчас канферэнцыі аргкамітэт прыняў некалькі важных дакументаў. Гэта дэкларацыя аб мэтах і каштоўнасцях нашага агульнага руху, заявы ў падтрымку Украіны і супраць антыпольскай кампаніі рэжыму, а таксама Этычны кодэкс дэмакратычных сілаў. Гэтыя дакументы апублікаваныя на сайце канферэнцыі.

    Мы вельмі чакаем запуску лічбавай Беларусі восенню і дапаможам зрабіць усё, каб гэта не стала дадаткам толькі для дыяспары. А са свайго боку мы будзем дапамагаць, каб маглі запрацаваць лічбавыя ID.

    Да кастрычніка мы раскажам, як можа быць ажыццёўлены План дапамогі ад ЕС на тры мільярды, а таксама як і куды ідзе заходняя дапамога, і як яе атрымаць. Да лістапада мы прадставім канцэпцыі рэформаў эканомікі і заканадаўства, пра якія казаў Анатоль Лябедзька і нашыя эканамісты.

    Увосень адбудзецца форум беларускага бізнесу. У найбліжэйшыя месяцы мы сфармуем міжнародную эканамічную раду новай Беларусі, куды запросім былых кіраўнікоў урадаў і лепшых эканамістаў – каб выпрацоўваць рашэнні, якія патрэбныя Беларусі ўжо цяпер.

    Нас чакаюць напружаныя месяцы працы. Упершыню будзем удзельнічаць у ГенАсамблеі ААН. Адкрыем прадстаўніцтвы ў Эстоніі, Празе, у Бруселі. Памятайце, што неабходна ўтрымліваць Беларусь на парадку дня.

    І ў завяршэнне я хачу сказаць, што Кабінет – гэта важны крок, але адзін факт яго стварэння не вырашыць усе праблемы нашага народа. Для гэтага трэба шмат і ўпарта працаваць».

    Апошнія навіны