• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская накіроўваецца ў Нью-Ёрк, дзе з 18 па 22 верасня возьме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 77-й сесіі Генасамблеі ААН

    16 верасня, 2022

    Святлана Ціханоўская наведае штаб-кватэру ААН, дзе плануе правесці шэраг двухбаковых сустрэчаў, а таксама возьме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў.

    19 верасня ў 12:30 па Нью-Ёркскім часе Эстонія і Святлана Ціханоўская арганізоўваюць дыскусію высокага ўзроўня, прысвечаную палітычнаму крызісу ў Беларусі, а таксама ролі рэжыма ў вайне супраць Украіны. У 2020-2021 гадах Эстонія арганізавала тройчы слуханні па Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Удзел у дыскусіі возьмуць міністры замежных справаў некаторых балтыйскіх і паўночных краінаў (спіс выступоўцаў удакладняецца), а таксама сама Святлана Ціханоўская.

    У той жа дзень а 14 гадзіне Святлана Ціханоўская таксама сустрэнецца з прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Тэмай перамоваў стане сітуацыя з палітвязнямі, новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыма Лукашэнкі, спрашчэнне візавых умоваў для беларусаў, а таксама гарантыі незалежнасці Беларусі на фоне спробаў Расіі ўсталяваць кантроль над краінай. Адной з тэмаў будзе абмеркаванне гэтак званай амністыі, якую анансаваў Лукашэнка.

    21 верасня а 12 гадзіне запланаваны выступ Святланы Ціханоўскай у межах «Форума сусветных лідараў» у Калумбійскім універсітэце. Яна выступіць перад запрошанымі палітыкамі, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта. Ціханоўская ў сваім выступе распавядзе пра магчымыя сцэнары вырашэння беларускага палітычнага крызіса, і якім чынам Беларусь можа стаць часткай вырашэння крызіса ў рэгіёне.

    21 верасня а 16 гадзіне па Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская выступіць на дыскусіі пра парушэнні дзіцячых правоў у Беларусі, арганізаванай дэлегацыяй Еўрапейскага Саюза пры ААН. Удзел возьмуць прадстаўнікі і міністры некалькіх еўрапейскіх краінаў. Ціханоўская распавядзе пра парушэнні рэжымам Канвенцыі аб правах дзіцяці, пра непаўнагадовых палітвязняў, дыскрымінацыю па мове і іншых прыкметах.

    Таксама запланаваная двухбаковая сустрэча з генеральным сакратаром Рады Еўропы (21 верасня). Плануецца абмеркаваць наступныя крокі па стварэнні кантактнай групы па сувязях з Беларуссю. Гэты беспрэцэдэнтны крок адкрывае новыя магчымасці паміж Беларуссю і Радай Еўропы.

    Ціханоўская сустрэнецца з шэрагам палітыкаў, прадстаўнікамі дзярждэпартамента ЗША, спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека. Таксама раніцай 19 верасня Святлана Ціханоўская дасць закрыты брыфінг палітыкам і дыпламатам, арганізаваны ўплывовым амерыканскім аналітычным цэнтрам «Атлантычная рада».

    Апошнія навіны