• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме

    28 ліпеня, 2021

    Ціханоўская распавяла, пра што ішла размова падчас сустрэчы:

    «Стоячы ля Белага дома перад журналістамі, я спрабавала зразумець свае пачуцці пасля сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй спіной – 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаванні. 10 з іх – загінулі. Але ўсе яны казалі маім голасам на гэтай сустрэчы.

    Як беларуска, я ганаруся сваім народам, які паўстаў супраць рэжыму і ўжо год супрацьстаіць яму.

    Як палітык, я рада гэтай сустрэчы. Прэзідэнт Байдэн сказаў, што ў свеце працягваецца барацьба паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй. І вы ведаеце, што Беларусь у гэтай барацьбе знаходзіцца на перадавой. Таму я заклікала прэзідэнта Байдэна дапамагчы нам зрабіць Беларусь паспяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі.

    Я выходжу з Белага дома з упэўненасцю, што голас мільёнаў беларусаў быў пачуты:

    – Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай. Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны абавязак ЗША – падтрымаць нас.
    Суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю. Любыя пагадненні, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя.
    – Вырашэннем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. А ўсе зняволеныя па палітычных матывах павінны быць вызваленыя без якіх-небудзь умоў.
    – Крызіс у Беларусі павінен быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці ў міжнародных судах.

    Як жонка палітвязня Сяргея Ціханоўскага, я адчуваю боль, што ён і тысячы людзей не могуць падзяліць са мной гэты момант. Але я ўпэўненая, што яны даведаюцца пра гэтую сустрэчу. І будуць ведаць, што мы змагаемся за іх.

    Як маці дваіх дзяцей, я проста спадзяюся, што яны зразумеюць і прабачаць мяне за тое, што ў гэтыя часы іх мама не заўсёды была побач з імі. Колькі б часу і сіл ні запатрабаваў шлях Беларусі да свабоды, я гатовая прайсці яго разам з беларусамі. І я дзякую прэзідэнту Байдэна за тое, што ён падтрымаў нас на гэтым шляху».


    Photo: White House Press Office
    Апошнія навіны