Рэзалюцыя 1. Аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі
У рэзалюцыі «Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання» падкрэсліваецца, што «мірныя пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020г. былі жорстка падушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а многія пратэстоўцы былі арыштаваныя і зведалі катаванні». Рэзалюцыя ўказвае, што тыя, хто мае дачыненне да падобных парушэнняў правоў чалавека не былі прызваныя да крымінальнай адказнасці.
Да чаго яна заклікае?
- Улады Беларусі павінны ўступіць у дыялог з народам і падкрэслівае, што дыялог «з'яўляецца адзіным шляхам спыніць гвалт і парушэнні правоў чалавека і правесці новыя дэмакратычныя выбары, каб выйсці з палітычнага крызісу».
- Вызваліць усіх палітвязняў, неадкладна спыніць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з апанентамі рэжыму.
- Завесці крымінальныя справы супраць тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць беларускага народа.
Рэзалюцыя 2. Аб тэрміновай рэформе выбараў у Беларусі
У рэзалюцыі «Тэрміновая неабходнасць рэформы выбараў у Беларусі» ўказваецца, што сістэма правядзення выбараў у Беларусі «стала рухальным фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу».
Да чаго яна заклікае:
- Усебаковая рэформа выбараў у Беларусі павінна прывесці выбарчыя законы і практыку ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
- Рэформа павінна гарантаваць незалежнасць і безбаковасць выбарчых камісій, стварыць адзіны публічны рэестр выбаршчыкаў, адрэгуляваць датэрміновае галасаванне, забяспечыць празрыстасць падліку галасоў, дазволіць мясцовае і міжнароднае назіранне, усталяваць выразныя і менш жорсткія крытэрыі для рэгістрацыі кандыдатаў, забяспечыць магчымасць судовага абскарджання ўсіх рашэнняў камісій.
- ПАРЕ ўлічвае, што многія беларускія і міжнародныя структуры заклікаюць да правядзення датэрміновых выбараў на базе існуючага выбарчага заканадаўства. І падкрэслівае, што «такія выбары могуць быць прызнаныя дастаткова свабоднымі і справядлівымі, толькі калі незалежная і безбаковая ЦВК зможа праз палажэнні, рашэнні, распараджэнні або інструкцыі ўвасобіць у жыццё як мага больш з пералічаных вышэй патрабаванняў, а мясцовыя і міжнародныя назіральнікі змогуць назіраць за ўсім выбарчым працэсам».
- Рэзалюцыя таксама заклікае «ўлады Беларусі і ўсе зацікаўленыя бакі тэрмінова правесці шырокі дыялог, каб забяспечыць мірны выхад з крызісу».
***
Зазначым, што згаданыя пытанні рэформаў адлюстраваныя ў палажэннях аб новых выбарах спецпрадстаўніка Ціханоўскай Аляксандра Каптура. Прачытаць і пракаментаваць іх вы можаце на сайце Ціханоўскай.