Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам перад удзельнікамі пасяджэння 48-й сесіі Рады па правах чалавека ААН. Яна звярнула ўвагу на колькасць палітвязняў і тысячы беларусаў, арыштаваных па палітычных прычынах, эскалацыю рэпрэсіяў, у тым ліку супраць журналістаў. Ціханоўская заявіла, што рэжым стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, і гэты тэрор павінен быць спынены.
Ціханоўская заклікала падтрымаць спецыяльны мандат Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для вывучэння парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. У межах гэтага мандата Вярхоўны камісар прызначыла трох экспертаў высокага ўзроўня – Карыну Маскаленка (Расія), Сюзан Базілі (Канада) і Марка Мілановіча (Сербія).
Таксама яна адзначыла працу спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала ўключыць беларускае пытанне ў парадак Рады бяспекі ААН і разглядзець у Трэцім камітэце Генеральнай асамблеі.