Святлана Ціханоўская і Джордж Сорас абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Сорас сказаў, што згадвае пра Беларусь падчас сустрэчаў і зычыць дэмакратычных пераменаў нашай краіне, і дадаў, што ў першы дзень Мюнхенскай канферэнцыі скончыў свой выступ згадкай пра Беларусь.
Таксама Джордж Сорас згадаў, як яго фонд быў вымушаны выехаць з Беларусі. Паводле філантропа, гэта была першая краіна, з якой выгналі яго арганізацыю. Падчас працы ў Беларусі фонд падтрымліваў разнастайныя праекты ў сферы адукацыі, культуры, навукі, медыяў. Потым фонд падтрымліваў незалежныя медыі і стыпендыі для студэнтаў.
Святлана Ціханоўская перадала Джорджу Сорасу прапановы ад беларускай грамадзянскай супольнасці, медыяў і праваабаронцаў, і прапанавала вярнуць беларускую праграму. Асобна Ціханоўская папрасіла звярнуць увагу на ініцыятывы ў сферы пашырэння беларускай культуры і адукацыі.
На сустрэчы таксама абмеркавалі ініцыятыву з выдачай пашпартоў дэмакратычнай Беларусі, а таксама ўдзел Беларусі ў міжнародных форумах і мерапрыемствах. Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская ўручыла філантропу бела-чырвона-белы знак гонару.