• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Камюніке па выніках экстраннай сустрэчы дэмакратычных сіл 25-26 траўня 2021 года

    28 мая, 2021

    Мы, дэмакратычныя сілы Рэспублікі Беларусь, працягваем працаваць у межах адзінага руху, мэтай якога з'яўляюцца сумленныя свабодныя выбары і незалежная дэмакратычная Беларусь.

    З улікам палітычнага крызісу, які пагаршаецца, кіруючыся інтарэсамі нашай суверэннай дзяржавы і яе народа, мы заяўляем пра наступныя сумесныя дзеянні:

    • Накіраваць звароты кампетэнтным міжнародным арганізацыям і на адрас праваахоўных органаў замежных дзяржаў пра расследаванне злачынстваў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра садзейнічанне вызваленню Рамана Пратасевіча і ўсіх палітычных вязняў. 
    • Дапамагчы пацярпелым у інцыдэнце з пасадкай самалёта Ryanair: садзейнічаць ім у атрыманні юрыдычных кансультацый для абароны іх законных інтарэсаў у межах універсальнай юрысдыкцыі і юрысдыкцыі сваіх краін, у тым ліку шляхам падачы адпаведных пазоваў.
    • Працягнуць працу над тым, каб Беларусь і палітычны крызіс у ёй заставаліся прыярытэтам у міжнародным парадку дня. На сёння Еўрарада на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў краін-чальцоў Еўрапейскага Саюза, Вялікая сямёрка (G7) і іншыя міжнародныя арганізацыі, а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Канада ўжо гатовыя дапамагчы нам, і мы будзем пашыраць спіс тых, хто падтрымлівае Беларусь. Мы таксама накіроўваем зварот Расіі адэкватна рэагаваць на захоп грамадзянскага самалёта, на борце якога знаходзіліся ў тым ліку грамадзяне Расійскай Федэрацыі, таму што дадзены інцыдэнт – гэта пагроза для ўсіх.
    • Падтрымліваць усе эфектыўныя ініцыятывы, накіраваныя на эканамічны байкот і на адмову ад супрацоўніцтва з рэжымам:
      – зняцце наяўных грошай з банкаўскіх карт, адмова ад выкарыстання безнаяўных разлікаў, скід рублёў праз скупку валюты, закрыццё ўсіх валютных і рублёвых дэпазітаў;
      – максімальнае скарачэнне спажывання падакцызных тавараў;
      – байкатаванне тавараў і паслуг звязаных з рэжымам кампаній і інш.
    • Правесці міжнародную канферэнцыю пра новыя выбары з удзелам дэмакратычных сіл, незалежных экспертаў і цэнтральных выбарчых камісій з розных краін.
    • Паскорыць распрацоўку ўсёабдымнай палітычнай рэформы ўключаючы: дапрацоўку і ўзгадненне праекта новай Канстытуцыі, мадэлі новага палітычнага ладу і рэформы выбарчага заканадаўства для Новай Беларусі.

    Акрамя таго:

    • Офісу Святланы Ціханоўскай, Народнаму Антыкрызіснаму Кіраўніцтву, Вераніцы і Валерыю Цапкалам – унесці прапанову еўрапейскім структурам, ЗША і Вялікабрытаніі пра неабходнасць ізаляцыі рэжыму, пашырэнне індывідуальных, эканамічных і палітычных санкцый. Мы падкрэсліваем, што санкцыі павінны быць эфектыўнымі – тады яны будуць кароткатэрміновымі і дапамогуць спыніць рэпрэсіі.
    • Падтрымліваць план Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра (САЦ) па арганізацыі і зборы рэзерву для пратэсных акцый. Дэталі плана будуць паведамленыя ў найбліжэйшы час.
    • Падрыхтаваць план далейшага ўзаемадзеяння з чыноўнікамі, якія засталіся ў сістэме, з мэтай прыцягнення іх на бок народа, пакуль такая магчымасць яшчэ існуе. Таксама мы прапануем план супрацоўніцтва і аб'яднання для тых дзяржаўных службоўцаў, якія застаюцца ўнутры сістэмы.

    Усе ўдзельнікі сустрэчы прынялі рашэнне пра сумесную рэалізацыю ўдакладненай стратэгіі, шэраг публічных дзеянняў якой прадстаўлены ў дадзеным камюніке.

    Камюніке падпісалі:

    Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычнай Беларусі
    (Па алфавіце)
    Сяргей Дылеўскі, чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады
    Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай
    Вольга Кавалькова, чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады
    Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады
    Вераніка і Валер Цапкалы

    Падпісаны дакумент можна ўбачыць тут.

    Апошнія навіны