• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Анатоль Лябедзька і Аляксандр Шлык выступілі на слуханнях у ПАРЕ па Канстытуцыйнай рэформе

    28 студзеня, 2022

    У аўторак у Страсбургу прайшлі закрытыя слуханні ў ПАРЕ з удзелам спецпрадстаўніка па выбарах Аляксандра Шлыка і прадстаўніка па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі. Там былі прадстаўнікі Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, якая спецыялізуецца на аналізе нацыянальнага заканадаўства, а таксама прадстаўнікі рэжыму.

    Мэта слуханняў – даць ацэнку канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі, выслухаць прадстаўнікоў беларускага грамадства і рэжыму, а дэпутатам Парламенцкай Асамблеі – даць магчымасць задаць свае пытанні.

    Анатоль Лябедзька раздаў дэпутатам параўнальны аналіз народнай Канстытуцыі і праекту Лукашэнкі: «Гэта два розныя светы, гэта дзве розныя краіны, адна – для жыцця людзей, другая – для кіравання групы чыноўнікаў, вайскоўцаў, якія дыктатуру прадаюць як галоўны брэнд Беларусі». Падчас выступу Лябедзька:

    • Заклікаў, каб Венецыянская Камісія да пачатку «рэферэндуму» зрабіла заключэнне на праект Лукашэнкі і праект Канстытуцыі новай Беларусі.
    • Вітаў стварэнне пры РЕ і ПАРЕ сумеснай групы па маніторынгу сітуацыі ў Беларусі.
    • Прапанаваў ПАРЕ разам з ПА АБСЕ і Еўрапарламентам ініцыяваць кансультацыі пра магчымасць пачатку перамоваў паміж дэмакратычнымі сіламі і рэжымам.

    Галоўнае з выступу Лябедзькі:

    «У Беларусі ёсць дзве турмы – Акрэсціна і Амерыканка – я сядзеў у абедзвюх і сцвярджаю, што гэта не выбар, а адна і тая ж сістэма татальнай знявагі чалавечай годнасці. Канстытуцыя, якую ў 1996 годзе перапісалі пад Лукашэнку, і яго новы праект – гэта таксама не выбар.

    Канстытуцыйная рэформа па лякалах рэжыму не вырашае ніводнай праблемы, ніводнага выкліку, не задавальняе ніводнага запыту, ніводнага чакання. Яна кансервуе палітычны крызіс. Узмацняе залежнасць рэжыму ад Крамля. Умацоўвае самаізаляцыю Беларусі ад цывілізаванага свету. Больш за тое, ёсць падставы сцвярджаць, што канстытуцыйная рэформа ў сукупнасці з падзеямі вакол Украіны можа быць часткай аднаго плана па акупацыі Беларусі расійскімі войскамі.

    Некалькі штрыхоў да праекту Канстытуцыі новай Беларусі. Праца распачатая яшчэ ў сакавіку 2019 года. Мы правялі тры чытанні праекту. Згодна з апошнім сацыялагічным апытаннем пра наш праект Канстытуцыі ведае каля 37% грамадзян краіны. Больш за 40 экспертаў у галіне канстытуцыйнага права з розных еўрапейскіх краін было прыцягнута для аўдыту нашага праекта. Праект Канстытуцыі разасланы амаль 4000 чыноўнікаў і ў больш за 100 органаў, устаноў і структур улады».

    Следам за Анатолем Лябедзькам выступіў Аляксандр Шлык. Галоўнае з яго выступу:

    «Усяго пяць тыдняў на правядзенне рэферэндуму? Ці дастаткова гэтага часу для тэхнічнай падрыхтоўкі? Я адкажу як эксперт па выбарах з больш чым 10-гадовым досведам назірання і аналізу выбарчых працэсаў. У нармальных абставінах, пры дэмакратыі – не. Дэмакратыя прадугледжвае адкрытасць працэсу, грамадскі кантроль, спаборніцтва палітычных бакоў. Гэтыя элементы сёння відавочна адсутнічаюць у Беларусі. Пастаноўку цыркавога прадстаўлення можна зрабіць за тыдзень, асабліва калі вы паказваеце добра адрэпетаванае шоу. А гэта і ёсць сапраўднае шоу. І нічога больш.

    Беларусы працягваюць патрабаваць пераменаў. І гэтыя змены яны бачаць не ў выбары паміж дзвюма канстытуцыямі Лукашэнкі. Яны бачаць іх у вызваленні палітвязняў, спыненні рэпрэсій, новых выбарах. На гэтым «рэферэндуме» мы заклікаем народ Беларусі прыйсці і зрабіць бюлетэнь нядзейсным – гэта законны спосаб выказаць палітычную думку. Гэта таксама пазбавіць Лукашэнку магчымасці прыкінуцца, што ён перагарнуў старонку.

    Тое, чаму мы станем сведкамі 27 лютага, не будзе рэферэндумам. Гэта будзе фарс, цыркавы паказ. Усе ведаюць гэта. Уключаючы тых, хто будзе яго арганізоўваць і інфармаваць вас сёння і пазней аб тым, як усё прайшло».

    Дэталі слуханняў – расказвае Анатоль Лябедзька:

    «Нам лёгка выступаць на такіх мерапрыемствах, таму што мы гаворым праўду і ўсё можам пацвердзіць фактамі. Ім жа даводзіцца ісці ў разрэз з рэальнасцю, трэба казаць, што ў нас няма палітвязняў, што ў нас усе людзі шчаслівыя і задаволеныя.

    Прадстаўнік рэжыму дэпутат Андрэй Савіных заявіў, што мы не прадстаўляем палітычную апазіцыю і з'яўляемся замежнымі агентамі. Мне давялося на гэта адрэагаваць наступным чынам: нагадаць, што Савіных сядзіць у гэтым памяшканні дзякуючы таму, што мой голас як дэпутата незалежнасці быў за тое, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай, а не краінай, для якой такія, як ён, стварылі рызыкі і пагрозы існавання ў будучыні.

    Далей у яго была заява, што над праектам іхняй Канстытуцыі яны працавалі з 2020 года. Нібыта была праведзеная неймаверная колькасць сустрэчаў і гэта ўсё былі дыскусіі і абмеркаванні праекту Канстытуцыі. Але калі тэкст публікуецца ў канцы мінулага года, а ўся дыскусія па тэксце ідзе два гады – якім гэта чынам? 

    Была асобная пікіроўка з дэпутатам з Расіі Слуцкім. Ён казаў, што ў Беларусі ў Лукашэнкі пераважная падтрымка людзей. Адказ мой быў наступны: калі такая падтрымка, навошта тады краіне 1000 палітвязняў? Навошта ўсіх апанентаў саджаць у турму? Калі ўсё так добра, чаму б Слуцкаму не ініцыяваць паездку дэлегацыі дэпутатаў ПАРЕ ў Мінск, каб яны прыехалі ў беларускія турмы? І далей я расказаў пра ўмовы ўтрымання, што людзі сядзяць па 15-20 чалавек на 10 квадратных метрах. І спытаў Слуцкага: можа ён спытаць у сваёй жонкі, як яна ставіцца да таго, што больш за сто беларускіх жанчын знаходзяцца ў турмах і ў іх забіраюць нават пракладкі – і яны там сядзяць, а па нагах цячэ кроў.

    Галоўны вынік слуханняў для нас – гэта тое, што Венецыянская камісія агучыла вельмі выразную дарожную карту. Да дня так званага «рэферэндуму» яны дадуць кароткую ацэнку двух праектаў Канстытуцыі. Яны апішуць размеркаванне ўладных паўнамоцтваў, працэс падрыхтоўкі правак і поўны аналіз праектаў у чэрвені. Гэта дасць магчымасць мець дзве хвалі дыскусій унутры краіны і сярод міжнародных арганізацый па Канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі. Таму 27 лютага ніякая старонка перагорнутая не будзе».

    Апошнія навіны