• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Люты 2023 / Выпуск 2

    22 лютага, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    Міжнародныя магчымасці

    Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад.

    • Фонд «Лідары перамен» праводзіць чарговы конкурс на атрыманне стыпендый у межах праграмы ім. Лейна Кіркланда на 2023-24 навучальны год, а таксама семестравых даследчых стыпендый (Kirkland Research) для маладых спецыялістаў. Прыём заявак – да 1 сакавіка 2023 года. Падрабязная інфармацыя па стыпендыях і патрабаваннях да кандыдатаў тут.
    • Інстытут перадавых даследаванняў у Тамперэ ў Фінляндыі (Tampere IAS) аб'явіў конкурс на двух- і трохгадовыя даследчыя пазіцыі (постдок, старшы навуковы супрацоўнік) у наступных тэматычных сферах: тэхналогія, здароўе, грамадства. Апошні тэрмін падачы заяўкі 6 сакавіка 2023 года.
    • Амерыканскія рады па міжнароднай адукацыі (American Councils for International Education) запрашаюць старшакласнікаў і студэнтаў, прадпрымальнікаў і спецыялістаў у розных сферах на сустрэчу ў Вільні, прысвечаную дзяржаўным адукацыйным праграмам ЗША. На сустрэчы ўдзельнікі даведаюцца пра розныя рэсурсы падтрымкі тых, хто паступае ў амерыканскія ВНУ на праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры, пазнаёмяцца са шматлікімі адукацыйнымі магчымасцямі ЗША для грамадзян Беларусі, многія з якіх прадугледжваюць поўнае фінансаванне расходаў на навучанне. Сустрэча адбудзецца 28 лютага 2023 г. у 18.00 у Create Culture Space па адрасе Karmelitų g. 5., Vilnius, Lithuania. Апошні тэрмін рэгістрацыі ўдзельнікаў — 24 лютага 2023 г.
    • Даследчая група Game Studies ва Універсітэце Інсбрука прапануе тры стыпендыі тэрмінам на 1 месяц (з 1 па 30 чэрвеня) для аспірантаў і постдокаў на правядзенне ўласных даследаванняў, прысвечаным праблеме выкарыстання відэагульняў у такіх сферах, як педагогіка, філасофія, гісторыя, культуралогія ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі — 15 сакавіка 2023 года.
    • Форум Эйнштэйна і Фонд Вітэнштэйна прапануюць стыпендыі для замежных студэнтаў, якія жадаюць праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук. Стыпендыяты будуць жыць у летнім доме Альберта Эйнштэйна ў Капуце (Германія) на працягу 5-6 месяцаў і атрымаюць грант у памеры 10 000 еўра. Патрабаванні да суіскальнікаў: узрост да 35 гадоў, дыплом аб вышэйшай адукацыі ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук, прапанова міждысцыплінарнага праекта, які не звязаны з папярэднімі даследаваннямі, добрае валоданне англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі — 15 траўня 2023.
    • «Школа грамадскіх лідараў» прапануе адукацыйны анлайн-курс для лідараў беларускіх няўрадавых арганізацый, прадстаўнікоў СМІ і навуковых суполак, дзеячаў культуры. У межах курса ўдзельнікі праслухаюць цыкл лекцый па функцыянаванні грамадзянскай супольнасці і выкліках сучаснай дэмакратыі, сустрэнуцца з лідарамі вядучых грамадскіх ініцыятыў Беларусі, прымуць удзел у семінарах па развіцці лідарскіх якасцяў. Апошні тэрмін падачы заявак да 20 лютага 2023 г.
    • Патсдамскі ўніверсітэт у межах праграмы падтрымкі маладых вучоных, якім пагражае небяспека ў сваёй краіне, прапануе штомесячную стыпендыю для вучоных-аспірантаў у памеры 1500 еўра працягласцю ад 12 да 30 месяцаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 сакавіка 2023 г.
    • Імперскі каледж Лондана прапануе прэзідэнцкую стыпендыю на навучанне ў аспірантуры. Стыпендыя ў памеры 22900 фунтаў стэрлінгаў на год вылучаецца для пакрыцця выдаткаў на навучанне і пражыванне. Таксама прадугледжана кампенсацыя іншых выдаткаў у памеры 2000 фунтаў стэрлінгаў на год на працягу першых 3 гадоў навучання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 3 сакавіка 2023 года.
    • У лютым 2023 г. фонд «Ратары» (The Rotary Foundation) адкрывае конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024-2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння свету і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.
    • Урад Румыніі дае стыпендыі на навучанне па праграмах бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры па ўсіх спецыяльнасцях румынскіх ВНУ (акрамя медыцыны, стаматалогіі і фармацэўтыкі). Навучанне на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах магчыма толькі на румынскай мове. Навучанне ў дактарантуры ў залежнасці ад праграмы магчыма на англійскай ці іншай замежнай мове. Стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, а таксама пражыванне ў інтэрнаце, медыцынскую страхоўку. Апошні тэрмін падачы заяўкі 1 сакавіка 2023 года.
    • Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы па залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі 31 траўня 2023.
    • Міжнародная летняя школа (ISS) у Інстытуце малекулярнай біялогіі (Майнц, Германія) запрашае студэнтаў і магістрантаў, якія навучаюцца ў сферы малекулярнай біялогіі, узяць удзел у 6-тыднёвай стажыроўцы, якая пройдзе з 17 ліпеня па 25 жніўня ў Майнцы. Праграма пакрывае выдаткі на навучанне, пражыванне, а таксама транспартныя выдаткі ад краіны пражывання да месца навучання. Тэрміны і патрабаванні да заяўкі будуць апублікаваны ў бліжэйшы час, сачыце за абнаўленнем інфармацыі.
    • Фонд Генрыха Бэля адкрывае конкурс на атрыманне стыпендыі для навучання ў магістратуры і аспірантуры. Памер фінансавай падтрымкі залежыць ад праграмы навучання. Апошні тэрмін падачы заяўкі 1 сакавіка 2023 года.
    • Працягваецца прыём заявак на ўдзел у праграме падрыхтоўкі студэнтаў з Беларусі да паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты для атрымання ступені магістра ці доктара (Graduate Students Advising Program). Бясплатны 5-месячны анлайн-курс з удзелам 10 трэнераў па 15 розных тэмах дае поўнае разуменне працэсу паступлення на праграмы магістратуры ці дактарантуры ў навучальныя ўстановы ЗША. Для адабраных удзельнікаў прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці: бясплатны доступ на анлайн-платформы самападрыхтоўкі па англійскай мове (Kuder, Magoosh, Peterson's); магчымасць здаць бясплатна іспыт Duolingo; для найбольш актыўных удзельнікаў бясплатная здача TOEFL, GRE, GMAT. Паспяховае завяршэнне Graduate Student Advising Program з'яўляецца адным з крытэраў заяўкі на Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША для паступлення.
    • Адкрыты прыём заявак на ўдзел у праграме Fulbright Teaching Excellence and Achievement (TEA) для настаўнікаў ды іншых спецыялістаў у сферы сярэдняй адукацыі. Гэтая шасцітыднёвая праграма дазваляе павысіць кваліфікацыю на базе амерыканскай ВНУ і абмяняцца досведам з выкладчыкамі са ЗША. Прыняць удзел могуць выкладчыкі англійскай мовы, матэматыкі, прыродазнаўчых навук, замежнай мовы або грамадскіх навук, а таксама іншыя настаўнікі ды спецыялісты, якія працуюць у сферы адукацыі з дзецьмі школьнага ўзросту. Апошні тэрмін падачы заяўкі — 3 красавіка. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць, напісаўшы на пошту арганізатарам: [email protected]

    Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    • Адукацыйны праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» аб'яўляе конкурс на фінансавую падтрымку адукацыйных праектаў. Мэта конкурсу – распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасці і даследаванне элементаў «новай адукацыі» (новыя метады і арганізацыйныя мадэлі) для беларускіх дзяцей, як унутры краіны, так і за яе межамі (на конкурс прымаюцца адукацыйныя праекты ў анлайн-фармаце). Працягласць праекта павінна складаць ад 3 да 12 месяцаў, пачынацца ён павінен не раней за 01.05.2023. На адабраныя праекты будуць выдзелены гранты ў памеры ад 1 000 да 60 000 еўра, заяўкі прымаюцца з 2 лютага па 20 сакавіка 2023 г., адказ аб прыняцці або адхіленні заяўкі арганізатары абяцаюць даць да 20 красавіка 2023 г.
    • 5 лютага 2023 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у межах праекта Інстытута філасофіі НАН Беларусі «Навука мастацтва і мастацтва навукі» адбылося адкрыццё цыкла лекцый старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ірыны Дубянецкай на тэму «Этнафіласофія і беларускія культурныя коды». Першая лекцыя з цыклу была прысвечана тэме «Традыцыйны светапогляд беларусаў і этнафіласофія як самаадлюстраванне беларускай культуры». У ёй лектар расказала пра беларускую традыцыйную карціну свету, яе ўнутраныя сэнсы і сувязі, а таксама пра новую навуку – этнафіласофію, якая іх даследуе. Відэазапіс лекцыі апублікаваны на Ютуб-канале Інстытута філасофіі НАН Беларусі.
    • Сярэднеадукацыйная школа і ліцэй ім. Станіслава Косткі ў Варшаве (раён Макатоў) запрашае беларускіх школьнікаў розных узростаў на навучанне. У школе, якая функцыянуе ўжо больш за 20 гадоў, навучаюцца дзеці з краін Усходняй Еўропы і былога СССР. Навучанне накіравана на адаптацыю дзяцей да польскай сістэмы адукацыі і польскамоўнага асяродку, у навучанне ўключаны абавязковыя заняткі па каталіцызме, якія праводзяцца ў мастацкай форме. Навучанне платнае (1300 злотых у месяц), плата можа быць зніжана да 500 злотых у месяц і больш пасля кансультацый з фондам «Życie». Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце школы і ліцэя.

    Рэпрэсіі

    • 7 лютага пачаўся суд над вядомай выкладчыкам-італьяністам, былой дацэнтам МДЛУ Наталляй Дулінай. Яе абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў ім (ч. 1 арт. 342). Згодна з прад'яўленымі артыкуламі абвінавачання Дулінай пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Жанчына была затрыманая 3 кастрычніка 2022 г. за інтэрв'ю незалежнаму СМІ, прызнанаму рэжымам «экстрэмісцкім фармаваннем». Да гэтага яе затрымлівалі 6 разоў за актыўны ўдзел у пратэстах, прыгаворваючы да адміністрацыйных пакаранняў, у т.л. у выглядзе арышту.
    • 6 лютага пачаўся суд над двума палітолагамі, вядомымі прадстаўнікамі беларускай экспертнай супольнасці Таццянай Кузінай і Валерыяй Касцюговай. Іх абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, закліку да санкцый і распальвання варожасці (ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч.3 арт. 130 КК РБ). Валерыя Касцюгова з'яўляецца рэдактарам экспертных сайтаў «Наша думка», «Беларускі штогоднік», кіравала маніторынгавай групай экспертаў «Беларусь у фокусе». Таццяна Кузіна з'яўляецца арганізатарам школы маладых спецыялістаў у сферы кіравання «Sympa School of Young Managers of Public Administration». Згодна з першым са згаданых артыкулаў абвінавачання, жанчынам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў.

    Палітыка рэжыму

    • Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб падрыхтоўцы кадраў для СМІ ў беларускіх ВНУ, заявіў, што яго рэжыму патрэбны высокакваліфікаваныя супрацоўнікі СМІ, таму, на яго думку, са студэнтамі на журналісцкіх спецыяльнасцях «трэба працаваць, каб яны былі перш за ўсё патрыётамі нашай краіны». Вядома, што пры БДУ будзе створана спецыяльная рада, куды ўвойдуць супрацоўнікі праўладных СМІ, для адбору студэнтаў з «ідэалагічна правільным» мысленнем.
    • Удзельнікі ваеннай агрэсіі супраць Украіны запісалі сваё відэавіншаванне Рэчыцкаму цэнтру падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «СКІФ», якім кіруе прыхільнік рэжыму, былы дэсантнік Уладзімір Габроў. Паводле інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, «СКІФ» увесь час ездзіць па мясцовых школах з выставамі зброі і агітацыяй уступаць у клуб, а выхаванцаў клуба рыхтуюць да паступлення ў расейскія вайсковыя вучылішчы.
    • Ігар Сяргеенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, заклікаў педагогаў у рэгіёнах ладзіць паказы патрыятычных фільмаў для школьнікаў. У якасці прыкладу такога фільма ён назваў «Ржэў. 500 дзён у агні» аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, які мае ўзроставыя абмежаванні «18+» з-за наяўнасці дакументальных кадраў з целамі загінуўшых. Таксама ў фільме прысутнічаюць кадры адкрыцця манумента з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
    • Вучні кадэцкага класа мінскай школы №152 прымуць удзел у нясенні вахты ля сцен «МуZея Перамогі» ў Маскве, вядомым сваімі выставамі, якія гераізуюць удзельнікаў агрэсіі супраць Украіны. Акцыя запланаваная ў межах ваенна-патрыятычнага злёту на базе маскоўскай школы №37, у якім бяруць удзел беларускія школьнікі.
    • Для навучэнцаў СШ № 9 г. Мазыра была праведзена анлайн-сустрэча з дзяўчатамі з гомельскай ВК № 4 для таго, каб «школьнікі змаглі даведацца ў сваіх аднагодкаў, якія аступіліся і адбываюць пакаранне, пра тое, як яны трапілі за краты».
    • У Лідзе на базе мясцовай бібліятэкі адбылася ідэалагічная анлайн-сустрэча, у якой прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага выканкама, прадстаўнікі моладзевых арганізацый Мінска, некалькіх расійскіх гарадоў і «Луганскай і Данецкай народных рэспублік» – менавіта так гэтыя вобласці Украіны, часткова захопленыя РФ, названыя ў справаздачнай публікацыі па мерапрыемстве на праўладным інфармацыйным рэсурсе. Адной з тэм мерапрыемства стала «патрыятычнае выхаванне рускага грамадства».
    Апошнія навіны