Напярэдадні афіцыйнай прэзентацыі праўладнай справаздачы Беларусі па Мэтах устойлівага развіцця (МУР) у ААН, беларуская грамадзянская супольнасць прадставіла альтэрнатыўную справаздачу. Гэты 83-старонкавы дакумент выкрывае маніпуляцыі, схаваныя за афіцыйнай статыстыкай, і адлюстроўвае рэальную сітуацыю ў краіне.
«Вашая праца — гэта не проста аналітыка, гэта акт грамадзянскай мужнасці. Дзякуючы вам свет можа ўбачыць не фасад, а сутнасць таго, што адбываецца ў Беларусі — без прыкрасаў і маніпуляцыяў», — адзначыў Леанід Марозаў.
Праўладная справаздача будзе прадстаўленая 18 ліпеня. У ёй улады традыцыйна прадставяць Беларусь як «лідара» ў дасягненні МУР. Аднак за гэтай рыторыкай хаваюцца: ліквідацыя прафсаюзаў, прапаганда замест адукацыі, адсутнасць закона аб хатнім гвалце, смерці палітвязняў без медычнай дапамогі і поўнае выключэнне грамадзянскай супольнасці з працэсу рэалізацыі МУР.
Беларуская грамадзянская супольнасць настойвае: без свабоды, правоў чалавека і ўдзелу людзей ніякай устойлівасці быць не можа. Прагрэс магчымы толькі праз праўду і адкрыты дыялог.
Поўны тэкст альтэрнатыўнай Справаздачы грамадзянскай супольнасці Беларусі па Мэтах устойлівага развіцця — па спасылцы.