У сваім відэа Святлана Ціханоўская тлумачыць, чаму вызваленне Сяргея Ціханоўскага не прынесла рознагалоссяў унутры дэмакратычных сілаў, а стала важным вынікам агульнай барацьбы. Лідарка падкрэсліла: каманда Офіса працягвае працу пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а ў Беларусі не наступяць перамены.
«Сяргей на волі — і гэта велізарная радасць як для нашай сям’і, так і для многіх з вас. Сёння ён побач — і гэта дае мне сілу, падтрымку, пачуццё апоры. А для нашага дэмакратычнага руху — зарад энергіі і рашучасці.
Яго вяртанне, як і вызваленне іншых палітвязняў, — сведчанне таго, што нашая агульная з вамі праца прыносіць вынік.
Магчыма, хтосьці чакаў, што выхад Сяргея на волю прывядзе да рознагалоссяў у дэмакратычным руху. Але пра які раскол можа ісці гаворка, калі ў нас адна мэта? Вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне любых рэпрэсіяў і правядзенне сапраўдных свабодных выбараў.
Сіла дэмакратычнага руху менавіта ў тым, што ў ім ёсць розныя погляды і падыходы. Сяргей — самастойны чалавек, і ў яго ёсць сваё меркаванне, сваё бачанне ўдзелу ў агульнай справе. І гэта нармальна. Мы не канкурэнты, мы дапаўняем адно аднаго. Мы ўсе розныя — але наперад ідзём разам.
Каманда Офіса працягвае працаваць і несці сваю частку адказнасці. Вызваленне палітвязняў і мірнае вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі застаюцца для нас безумоўным прыярытэтам».