БЕЛАРУСЬ-ЭСТОНІЯ. 10 лістапада ў Таліне пройдзе першая беларуска-эстонская Канферэнцыя. Мерапрыемства арганізаванае міністэрствам замежных справаў Эстоніі ў супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай, эстонскім Інстытутам правоў чалавека і Еўрапейскім фондам дэмакратыі. Галоўная мэта Канферэнцыі – узмацніць адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Эстоніяй, а таксама выпрацаваць эфектыўную стратэгію па Беларусі.
НОВЫ БЕЛАРУСКІ ПАШПАРТ. Святлана Ціханоўская распавяла, як ідзе праца над новым беларускім пашпартам: «Цяпер мы на этапе вытворчасці першых узораў пашпарта. Мы пачалі працэс закупкі матэрыялаў для іх друку. Мы ўжо вядзем кансультацыі з замежнымі палітыкамі, інфармуем іх аб нашых дзеяннях і планах. Адначасова мы працуем над стварэннем органу выдачы – структуры, якая будзе займацца ўсімі этапамі выпуску пашпартоў. Асобна варта сказаць, што пашпарт не замяняе неабходнасці легалізавацца ў кожнай краіне».
БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. Сейм Латвіі канчаткова прыняў папраўкі ў закон аб дарожным руху, у якіх няма згадкі грамадзянаў Беларусі з праекту. Гэты закон забараняе толькі знаходжанне ў Латвіі аўтамабіляў з расійскай рэгістрацыяй. Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў рашэнне Сейма Латвіі: «Гэта магло б закрануць і беларусаў, калі б не наша мэтанакіраваная сістэмная праца з дэпутацкай групай «За дэмакратычную Беларусь», і калі б не прамая камунікацыя Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністаркай Латвіі Эвікай Сіліняй».
ДЗЯДЫ. 2 лістапада, на Дзяды, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Давайце разам успомнім нашых беларускіх герояў. Тых, хто загінуў падчас пратэстаў. Тых, хто загінуў у зняволенні. Тых, хто загінуў на вайне, змагаючыся за свабоду Украіны і Беларусі. Успаміны пра іх жывуць у нашых сэрцах, у маім сэрцы. А іх смеласць і годнасць натхняюць працягваць змагацца за лепшую будучыню, пра якую мы ўсе марым».
ПАДТРЫМКА РЭПРЭСАВАНЫХ. На мінулым тыдні прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы запусціла службу «Адно акно», дзе кожны беларус і беларуска змогуць атрымаць бясплатную дапамогу. На дадзены момант у базе службы 245 арганізацый, якія аказваюць юрыдычную, медычную, псіхалагічную і фінансавую дапамогу беларусам ці адказваюць за вырашэнне розных сацыяльных пытанняў. Атрымаць дапамогу можна на сайце службы, а таксама праз сацыяльныя сеткі ці электронную пошту help@by.social. Калі ласка, калі вы заходзіце на сайт з Беларусі, у мэтах бяспекі выкарыстоўвайце VPN.
ВІЗІТ У БЕРЛІН. Святлана Ціханоўская распавяла пра планы на працоўны візіт у Берлін: «На наступным тыдні мы з камандай наведаем Берлін. Тут будзе створаны Альянс «За дэмакратычную Беларусь», куды ўвойдуць дзясяткі парламенцкіх групаў з розных краінаў свету. Мы збяромся разам, каб выпрацаваць агульную стратэгію па Беларусі. Падчас візіту я сустрэнуся са спікеркай Бундэстагу, камітэтам па замежных справах, арганізацыяй Libereco і беларусамі Германіі».
БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКІ ФОРУМ У ЛЬВОВЕ. 4-5 лістапада ў Львове праходзіў Другі Форум імя Астрожскіх. У межах Форуму беларускія і ўкраінскія эксперты абмеркавалі асноўныя падзеі, тэндэнцыі і прагнозы датычна ўзаемаадносінаў Украіны і Беларусі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве ад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Генадзь Манько.
МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. На мінулым тыдні дарадца Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву, старшыня моладзевай арганізацыі «РАДА» Маргарыта Ворыхава правяла анлайн-сустрэчу з Валанцёрамі Офіса. Яна распавяла пра сваю дзейнасць і праекты. А таксама адказала на пытанні Валанцёраў пра тое, як працуе моладзевая палітыка. Каманда Офіса падрыхтавала карткі, дзе прывяла адказы на асноўныя пытанні.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Напярэдадні Калядаў фонд «Краіна для жыцця» разам з «Dissidentby», «Littowin LIONS CLUB», Politzek.me, Народнымі амбасадамі Беларусі ды Аб’яднаннем беларусаў у Амерыцы (ABA) абвясцілі аб адкрыцці «Каляднай пошты» для дзяцей палітзняволеных. Святлана Ціханоўская падтрымала гэтую акцыю і заклікала беларусаў стаць чараўніком для дзіцяці палітвязня і падарыць цеплыню і клопат дзецям, чые мама ці тата зараз за кратамі.
Дзеці нашых герояў могуць намаляваць ці напісаць у лісце пра падарунак, які хацелі б знайсці пад навагодняй ялінкай. А кожны з вас можа стаць тым самым чараўніком, які здзяйсняе жаданні. І падарыць дзіцяці тое, пра што ён так марыў. Да акцыі можна далучыцца з любой часткі свету.
АДКАЗЫ НА ПЫТАННІ БЕЛАРУСАЎ. Чытачы «Настоящего Времени» спыталі Святлану Ціханоўскую пра поспехі ў працы над новым беларускім пашпартам, захады для вызвалення палітвязняў, палітычныя погляды беларускай лідаркі.
Таксама ў гэтым інтэрв’ю Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, як дзеці чакаюць звестак ад бацькі і як яна змагаецца са стрэсам.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Together Magazine (Міжнароднае), Настоящее время (Беларусь), Радыё Свабода (Беларусь).