На форуме выступілі прадстаўнікі беларускага бізнесу, літоўскія парламентарыі і прадстаўнікі міністэрстваў, юрысты, эксперты – агулам больш за 100 удзельнікаў.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Алесь Аляхновіч тлумачыць, чым івэнт быў карысны ўдзельнікам:
«Літва – другая краіна ЕС па колькасці і значнасці бізнесаў, заснаваных беларусамі. Адпаведна, такія форумы спрыяюць:
📌 згуртаванню беларускіх бізнесоўцаў;
📌 наладжванню дыялогу з літоўскімі ўладамі;
📌 адстойванню інтарэсаў сумленнага беларускага бізнесу ў Літве;
📌 развіццю бізнесу праз наладжванне кантакту з патэнцыйнымі партнёрамі і інвестарамі.
Я рады бачыць відавочны прагрэс форуму ў параўнанні з такімі ж мінулымі ў Вільні. Па выніках мерапрыемства АВВА падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Літоўскай канфедэрацыяй працадаўцаў».
Акрамя таго, падчас форуму ўдзельнікі аналізавалі праблемы беларускага бізнесу, звязаныя з міграцыйнай палітыкай, пошукам фінансавання, месцам Беларусі ў рэгіянальным гандлі.
«Гэты форум стаў працягам дыялогу з літоўскімі ўладамі і арганізацыямі. АВВА падкрэслівала, што гатовая да супрацоўніцтва з літоўскімі ўладамі па акрэдытацыі бізнесу», – падсумаваў Аляхновіч.