У апошні дзень свайго візіту ў Лондан Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных справаў Вялікабрытаніі Джэймсам Клеверлі ды іншымі прадстаўнікамі брытанскага МЗС.
Беларуская лідарка заклікала Вялікабрытанію трымацца двухбаковай палітыкі: з аднаго боку падтрымліваць беларусаў, а з іншага – узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.
Падчас перамоваў абмяркоўвалі санкцыйную палітыку – у выніку абмеркавання Ціханоўская перадала Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету прапановы, накіраваныя на тое, каб зрабіць санкцыі яшчэ больш балючымі для рэжыму і закрыць у іх шчыліны.
Асобна гаварылі пра санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і падтрымку спартоўцаў, якія выказаліся супраць рэжыму і вайны.
Святлана Ціханоўская заклікала брытанскі ўрад паспрыяць распачынанню справаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў межах Міжнароднага крымінальнага суда ды ўніверсальнай юрысдыкцыі – за саўдзел рэжыму ў вайне, рэпрэсіі супраць беларусаў і выкраданне ўкраінскіх дзяцей.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію прызначыць прадстаўніка для кантактаў з дэмакратычнай Беларуссю, а таксама папрасіла працягваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў.