Беларуская лідарка прыняла ўдзел у сайд-івэнце ISANS аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць беларусаў і ўкраінцаў. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, беларускія юрысты і шэраг замежных экспертаў.
Падчас свайго выступу Святлана Ціханоўская адзначыла: «Трэба збіраць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, каб у нашых міжнародных партнёраў была магчымасць карыстацца сваімі мандатамі. Уся сабраная інфармацыя ляжа ў аснову магчымых судовых працэсаў у Міжнародным крымінальным судзе ці спецыяльных трыбуналах. Трэба, каб рэжым адказаў не толькі перад міжнароднай супольнасцю, але і перад народам Беларусі».
У сваю чаргу Крысціна Рыхтэр звярнулася да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці: «Злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваеннай агрэсіі – гэта не тыя дзеянні, на якія можна заплюшчваць вочы. Толькі прыняцце мераў па прыцягненні да адказнасці злачынцаў і актыўныя дзеянні могуць даць адпор дыктатуры, якой няма месца ў 21 стагоддзі».