Ужо зусім хутка адбудуцца акцыі салідарнасці з палітвязнямі, куды могуць прыйсці неабыякавыя беларусы і беларускі, якія жывуць за мяжой. Усе вы можаце стаць голасам мільёнаў беларусаў у краіне, якіх зараз прымушаюць маўчаць, змірыцца і «перагарнуць старонку».
- Як гэта можна зрабіць?
Калі вы цяпер знаходзіцеся ў Беларусі – напішыце сваім сябрам і блізкім, якім давяраеце і хто жыве за мяжой. Дасылайце ім свае ідэі для плакатаў і папрасіце ўзяць іх на акцыі. І менавіта так яны здолеюць быць вашым голасам.
Калі вы збіраецеся ісці на акцыю за мяжой, напішыце і спытайце сваіх знаёмых, якія цяпер у Беларусі, – што яны хацелі б сказаць усяму свету. Гэта можа быць усё, што заўгодна. Тое, што яны цяпер адчуваюць унутры краіны, пра што мараць і пра што маўчаць. Зрабіце плакат з іх пасланнем і вазьміце яго на акцыі ў сваіх гарадах. Таксама вы можаце зрабіць фота вашага плаката і выкарыстоўваць хэштэг #ГоласБеларусаў у сацсетках, калі для вас гэта бяспечна.
І няхай будзе пачуты кожны і кожная.