Святлана Ціханоўская: «Амбасадар Кітая ў Францыі выказаўся наконт пост-савецкіх краінаў: «Яны не маюць статусу ў міжнародным праве». Такім чынам, амбасадар Кітая паставіў пад сумнеў суверэнітэт 15 краінаў, у тым ліку Беларусі.
Вядома, такія заявы амбасадара абсалютна не дапушчальныя. Міжнародная супольнасць прызнала Беларусь як суверэнную дзяржаву адразу пасля аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе, і КНР гэта зрабіла сярод першых. Суверэнітэт Беларусі замацаваны ў нашай Канстытуцыі і Беларусь яго рэалізуе ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.
Нашыя суседзі, Літва, Латвія, Украіна – адразу ж асудзілі заявы кітайскага амбасадара, Пекін павінен быў выправіцца і вытлумачыцца. А вось МЗС Лукашэнкі вырашыў адмаўчацца, нягледзячы на свае нібыта сяброўскія адносіны з Кітаем. Грэбаванне незалежнасцю і нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны – вынік заганнай палітыкі Лукашэнкі на працягу дзесяцігоддзяў. Менавіта таму нашая краіна знаходзіцца ў глыбокім палітычным і гуманітарным крызісе. Менавіта з-за гэтай палітыкі Беларусь сталі ўсё часцей успрымаць усяго толькі прыдаткам або васалам Расіі.
Павагі да незалежнасці, цэласнасці межаў, раўнапраўных і празрыстых адносінаў будзе патрабаваць у дачыненні да сябе новая Беларусь. Але для гэтага нашая краіна павінна пазбавіцца тыраніі і працаваць над тым, каб аднавіць сваю рэпутацыю ў міжнароднай супольнасці. І ўжо цяпер дэмакратычныя сілы пачалі гэтую працу. Мы напрацоўваем міжнародныя сувязі і кантакты, выбудоўваем адносіны з суседзямі і партнёрамі, каб пасля пераменаў адбудаваць усё тое, што разбурыў рэжым».