• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Гэта з’яўляецца яшчэ адным фактам, што злучае гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў»

    24 лістапада, 2022

    Аб’яднананы Пераходны Кабінет Беларусі прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа і асудзіў злачынствы камуністычнай улады ў дачыненні да нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд.

    • Рэзалюцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі аб прызнанні Галадамору 1932-1933 гг. генацыдам украінскага народа і  асуджэнні злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд.

    Працягваючы справу асуджэння камунізму, таталітарных і імперскіх ідэалогій, распачатую Кабінетам у Заяве ад 27 кастрычніка 2022 г.,

    беручы пад увагу шматлікія аргументы і доказы, якія ляглі ў аснову Закона «Пра Галадамор 1932-1933 гадоў ва Украіне», прынятага Вярхоўнай Радай Украіны і зацверджанага 28 лістапада 2006 г. пад № 376-V,

    пагаджаючыся з асноўнымі палажэннямі Рэзалюцыі Еўрапейскага парламента ад 23 кастрычніка 2008 г. аб ушанаванні памяці аб Галадаморы, штучным голадзе ва Ўкраіне (1932-1933),

    а таксама грунтуючыся на нормах міжнароднага права і Статута ААН,

    пастанаўляем прызнаць злачынную палітыку камуністычнай дзяржавы супраць народа Украіны, якая прывяла да штучнага голаду ў 1932-1933 гг., актам генацыду супраць украінскага народа і злачынствам супраць чалавечнасці. Мы выступаем таксама з асуджэннем гэтага і іншых злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік Савецкага Саюза ў міжваенны перыяд.

    Вядома, што заганная бальшавіцкая палітыка вынішчэння нязгодных тычылася як шырокіх нацыянальных груп, так і цэлых сацыяльных класаў. Ахвярамі масавага голаду пачатку 30-х гг. ХХ ст. сталі жыхары найбольш аграрна развітых рэгіёнаў савецкай дзяржавы – Украіны, Казахстана, Паволжа, Прычарназем’я, Заходняй Сібіры, Паўночнага Каўказа і інш., якія выступалі супраць палітыкі прымусовай калектывізацыі і харчовай праграмы камуністычнай улады. У Беларусі ахвярамі гэтай палітыкі ў 1920-1930я гг. стала больш за 250 тысяч сялян, рэпрэсаваных савецкай уладай: забітых, раскулачаных, дэпартаваных у Сібір ці на Крайнюю Поўнач Расіі. 

    Як вынік, у перыяд з 1930 па 1933 гг. на тэрыторыі Беларусі адбылося больш за тысячу сялянскіх паўстанняў (у тым ліку жаночых, г.зв. «бабіных бунтаў»), а таксама некалькі хлебных бунтаў у гарадах, удзельнікі якіх былі жорстка пакараныя. Вялікая частка беларусаў у спробах ратавання сваіх сем’яў была змушаная да пераезду ў іншыя рэгіёны – у тым ліку ва Украіну і на Паўночны Каўказ, якія сталі эпіцэнтрамі голаду ў 1932-1933 гг. Таму, прызнаючы падзеі Галадамору актам генацыду супраць украінскага народа, мы таксама аддаем даніну памяці тым шматлікім беларусам, якія сталі ахвярамі гэтага злачынства на тэрыторыі савецкай Украіны і Крыма.

    Пры гэтым падзеі 1930-1933 гг. прывялі да фактаў масавага голаду і на тэрыторыі самой Беларусі. Найбольш пацярпелі ад наступстваў масавага голаду і звязаных з ім хвароб Гомельская і Магілёўская вобласці БССР. Нам невядомая дакладная лічба памерлых ад голаду ў гэты перыяд, але іх колькасць толькі ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці ў 1932-1933 гг. паводле архіўных крыніц склала больш за тысячу чалавек, што раўназначна чвэрці насельніцтва тагачаснага мястэчка. Гэта з’яўляецца яшчэ адным фактам, што злучае гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў і паказвае агульнасць злачыннай палітыкі бальшавіцкага рэжыму на тэрыторыі нацыянальных рэспублік. Знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, масавыя дэпартацыі і давядзенне да галоднай смерці – гэта далёка не поўны спіс злачынстваў камуністычнага рэжыму супраць народаў Украіны і Беларусі ў ХХ ст. З улікам гэтага мы ў чарговы раз заклікаем да раскрыцця ўсіх дзяржаўных архіваў у Беларусі і даследавання дакладнай колькасці загінуўшых у выніку дзеянняў савецкай улады. 

    Мы выказваем безумоўную падтрымку і салідарнасць народу Украіны, які стаў ахвярай гэтай бесчалавечнай палітыкі ў міжваенны перыяд гісторыі, і рашуча асуджаем наступствы злачынстваў бальшавіцкай улады супраць украінскага і беларускага народаў, скіраваных на знішчэнне іх нацыянальных эліт і генафонду. Мысцвярджаем, што дастойная будучыня для народаў Украіны і Беларусі стане магчымая толькі ў выніку правядзення паслядоўнай палітыкі дэкамунізацыі і вяртання да нацыянальных каштоўнасцяў.

    Слава Украіне! Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны