«Я глыбока шакаваная трагедыяй, што адбылася ў Ельску. 14-гадовая дзяўчынка, якая звярнулася па медыцынскую дапамогу, так і не вярнулася дадому. У бальніцы не знайшлося патрэбных спецыялістаў, іх выклікалі з іншых гарадоў, але, на жаль, выратаваць падлетка не ўдалося.
Гэтая страшная гісторыя паказвае праблемы сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. Пацыенты ўсё часцей сутыкаюцца з недахопам спецыялістаў, лекаў, абсталявання, а калі адбываецца непапраўнае — з адсутнасцю адказнасці. Асабліва жудасна, калі ахвярамі становяцца дзеці. Замест клопату і падтрымкі сям’я дзяўчынкі сутыкаецца з ціскам, умяшаннем у прыватнае жыццё і спробамі ачарніць памяць пра дзіця.
Падобныя выпадкі крычаць пра тое, што медыцына ў краіне патрабуе неадкладных зменаў: большай увагі да лекараў, большых выдаткаў на абнаўленне, большага клопату пра людзей. Але рэжыму прасцей замоўчваць праблемы ці перакладаць адказнасць на безабаронных грамадзянаў — і не шукаць выйсця з сітуацыі.
У нашых сілах зрабіць усё магчымае, каб такія гісторыі не паўтараліся. Пісаць скаргі, выказваць спачуванне, не даваць трагедыі растварыцца ў маўчанні і дамагацца пільнага расследавання яе прычынаў. І калі ёсць магчымасць — дапамагаць юрыдычна ці гуманітарна. Галоўнае — не маўчаць.
Мае шчырыя спачуванні сям’і загінулай дзяўчынкі».