Прэмія штогод прысуджаецца за значны ўнёсак у справу еўрапейскага адзінства. Раней лаўрэатамі ўзнагароды станавіліся такія ўплывовыя палітыкі, як Эмануэль Макрон, Даля Грыбаўскайце, Дональд Туск, Ангела Меркель, Біл Клінтан, Тоні Блэр, а таксама Папа Францыск і Еўрапейская камісія як інстытут.
У 2022 годзе прэмію атрымалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала — за барацьбу беларускага грамадства за дэмакратыю, годнасць і еўрапейскія каштоўнасці.
У 2025 годзе, у 75-гадовы юбілей прэміі, яе лаўрэатам стала Урсула фон дэр Ляен. Як падкрэслілі арганізатары, Прэзідэнтку Еўрапейскай камісіі ўшанавалі «за візіянерскае, смелае і рашучае лідарства ў час беспрэцэдэнтных трансфармацый у Еўропе».
Святлана Ціханоўская асабіста і цёпла павіншавала Урсулу фон дэр Ляен. Прэзідэнтка Еўракамісіі паслядоўна падтрымлівала Беларусь і ніколі не змянала моцную пазіцыю ў дачыненні да аўтарытарных рэжымаў.
Святлана Ціханоўская:
«Для мяне вялікі гонар быць часткай супольнасці лаўрэатаў прэміі імя Карла Вялікага. Узнагароды, якая адзначае не толькі палітыку, але і вернасць чалавечым каштоўнасцям — адзінству, адказнасці, салідарнасці. Я віншую Урсулу фон дэр Ляен з узнагародай і дзякую ёй за тое, што Еўропа пад яе кіраўніцтвам не маўчыць, калі парушаюцца правы чалавека, і падтрымлівае тых, хто змагаецца за свабоду. У тым ліку — у Беларусі».