Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч прадставіў праект праграмы падтрымкі, на якую могуць разлічваць беларусы, якія далучаюцца да стачачнага руху, і якія ўжо падвергліся ціску за свой пратэст. Праект таксама ўключае падтрымку чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур, якія перайшлі на бок народа, а таксама прыватных бізнесаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
Вы можаце спампаваць у фармаце pdf праект праграмы. Ён выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, і вы можаце пракаментаваць яго на гэтай старонцы ніжэй або напісаць Алесю Аляхновічу на пошту economy@tsikhanouskaya.org.
Праект праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, а таксама грамадзян і бізнесаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій
Палітычны крызіс у Беларусі падрывае давер людзей і цэлых прадпрыемстваў да дзяржаўных інстытутаў і пагаршае існуючыя дысбалансы ў эканоміцы. За апошнія дзесяць гадоў эканоміка Беларусі практычна перастала расці. У 2011-2020 гг. яна расла ў сярэднім на 0,9% у год, у 3-4 разы больш павольна, чым сусветная. Пасля 26 гадоў кіравання Лукашэнкі Беларусь стала краінай з найменшым мінімальным заробкам і з трэцім найменшым сярэднім заробкам у Еўропе (пасля Малдовы і Украіны, якія могуць абагнаць Беларусь у 2021 годзе). Перспектывы эканамічнага росту ў нашай краіне застаюцца найгоршымі ў рэгіёне. Становішча пагаршае ахалоджванне адносін рэжыму з дэмакратычнымі краінамі. Калі не мяняць сітуацыю, Беларусь з кожным годам будзе ўсё больш рэгрэсаваць у сусветнай эканоміцы.
Вынікі дзейнасці ўладаў у 2011-2020 гг. можна назваць «страчаным дзесяцігоддзем» для Беларусі. На фоне рэпрэсій пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 г. кожны дзень кіравання нелегітымнага рэжыму негатыўна ўплывае на грамадства і эканоміку (скарачэнне занятасці на дзяржаўных прадпрыемствах і ў бюджэтнай сферы, закрыццё і/або вывад бізнесу, ад’езд кваліфікаваных спецыялістаў, рост дэфіцыту бюджэту, рост пазыкаў дзяржаўных прадпрыемстваў і дзяржаўнага доўгу). Усё гэта прывяло да таго, што пры рэжыме Лукашэнкі ў Беларусі няма будучыні. Толькі новыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта дадуць магчымасць вырашыць усёабдымны крызіс, рэфармаваць палітычную сістэму і вярнуць давер грамадзян да інстытутаў дзяржаўнага кіравання. У комплексе гэтыя рашэнні створаць умовы для эканамічных рэформаў, якія дадуць імпульс паскоранаму развіццю і ўстойліваму доўгатэрміноваму эканамічнаму росту.
Важную ролю ў дасягненні мэты – правядзенні новых выбараў – можа адыграць стачачны рух. Беларусы, якія далучаюцца да стачкі, у тым ліку рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў, дзяржаўныя службоўцы і прадстаўнікі сілавых структур, студэнты і выкладчыкі, настаўнікі, медыкі, працаўнікі культуры, індывідуальныя прадпрымальнікі, уладальнікі найбуйнейшага прыватнага бізнесу і іншыя, зазнаюць рэпрэсіі, якія наносяць значную шкоду здароўю і асабістым матэрыяльным інтарэсам. Аднак пасля змены ўлады ўдзельнікі стачкі змогуць разлічваць на неадкладную сацыяльна-эканамічную і прававую падтрымку.
З гэтай мэтай Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай прапануе для ўдзельнікаў стачачнага і пратэставага руху наступныя рашэнні, якія будуць рэалізаваныя з надыходам дэмакратычных перамен:
1. Вызваліць і рэабілітаваць усіх зняволеных па палітычных матывах. Справы тых, хто быў неправамерна прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, перагледзець.
2. Аднавіць звольненых пратэстоўцаў на іх месцах працы (па іх жаданні) з залікам у працоўны стаж таго часу, калі яны былі незаконна звольненыя і заставаліся незанятымі, аднавіць усе надбаўкі і сацыяльны пакет, уключаючы пражыванне, а таксама кампенсаваць заробак за перыяд вымушанага прагулу.
3. Пры нежаданні або немагчымасці вярнуцца на ранейшае месца працы прапанаваць удзельнікам стачкі:
а. Фінансаванне адукацыйных праграм на тэрмін да 24 месяцаў, напрыклад: атрыманне дадатковай адукацыі, набыццё новай спецыяльнасці і навыкаў, прадстаўленне магчымасці бясплатнага вывучэння замежных моў, індывідуальнае ментарства для кожнага ахвотнага.
б. Стымуляванне працаўладкавання ў прыватным бізнесе шляхам вызвалення наймальніка і работніка ад выплаты ўзносаў у ФСАН (34% ад наймальніка і 1% ад работніка) і ад падаходнага падатку (13% ад работніка) на працягу шасці месяцаў. Такім чынам бізнес зэканоміць 34% у выпадку працаўладкавання ўдзельніка стачкі, а сам наняты супрацоўнік «чыстымі» заробіць на 14% больш.
в. Стымуляванне развіцця прыватнага бізнесу шляхам выдзялення беззваротнага гранта на адкрыццё ўласнага малога бізнесу памерам да $ 10 000 на рэалізацыю бізнес-плана.
4. Пакрыць фінансавыя выдаткі, звязаныя са скасаваннем кантрактаў, прадстаўнікам сілавых структур і дзяржаўным службоўцам, якія па ўласным жаданні сышлі або сыдуць са службы ў сувязі з нязгодай выконваць загады нелегітымнай улады (пры ўмове, што гэтыя асобы не мелі дачынення да палітычных рэпрэсій). Усім вайскоўцам, супрацоўнікам праваахоўных органаў, дыпламатам, якім рэжым помсціць за іх дапамогу пратэставаму руху, будуць адноўленыя званні і дыпламатычныя рангі. Усе яны змогуць скарыстацца механізмамі, апісанымі ў п. 1-3.
5. Аднавіць на вучобе студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах.
6. Забяспечыць адтэрміноўку плацяжоў па іпатэчных крэдытах на тэрмін да 12 месяцаў для звольненых па палітычных матывах і тых, хто сышоў са службы ў сувязі з нязгодай выконваць загады нелегітымнай улады. Адсоткі па крэдытах камерцыйным банкам будуць выплачаныя з адмыслова створанага дзяржаўнага фонду, а сам крэдыт будзе рэструктурызаваны на больш доўгі тэрмін.
7. Кампенсаваць удзельнікам стачкі матэрыяльную і нематэрыяльную шкоду ад рэпрэсій на падставе рашэння спецыяльна створанай камісіі або суда аб прысуджэнні кампенсацыі. Гэта тычыцца не толькі індывідуальных, але і калектыўных рэпрэсій (напрыклад, штрафаў, выстаўленых таварыствам уласнікаў). Усім катэгорыям грамадзян, што часткова або цалкам страцілі фізічнае і псіхалагічнае здароўе ў выніку палітычных рэпрэсій, аказаць прамую медыцынскую дапамогу (лячэнне і рэабілітацыя) у Беларусі і/або за мяжой.
8. Падтрымаць прыватны бізнес, які панёс страты або быў закрыты ў сувязі з палітычна матываваным ціскам. Па ўсёй краіне ўжо зачынена некалькі сотняў устаноў грамадскага харчавання, гандлю, сферы паслуг і прамысловасці. Пад пагрозу пастаўленыя інвестыцыі прадпрымальнікаў, падатковыя паступленні ад іх дзейнасці, дабрабыт наёмных рабочых, тысячы якіх засталіся без працы. Таму:
а. Усе палітычна матываваныя загады, прадпісанні і іншыя рашэнні службовых асоб у адносінах да такіх бізнесаў прызнаюцца несапраўднымі. Належыць вярнуць усе выплачаныя штрафы. Пасля аднаўлення законнасці ў краіне ўладальнікі бізнесаў змогуць разлічваць на справядлівую кампенсацыю панесеных у сувязі з забаронай на ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці страт. Страты будуць цалкам або часткова пакрытыя выплатамі з бюджэту, падатковымі канікуламі і фінансаваннем крэдытных канікул у камерцыйных банках з адмыслова створанага дзяржаўнага фонду.
б. Будзе распрацаваная і ўведзеная праграма рэпатрыяцыі ў Беларусь бізнесаў, якія адкрылі сваю дзейнасць за мяжой. Праграма павінна ўключаць льготнае крэдытаванне, палегчаны доступ да аб’ектаў нерухомасці і бязвыплатную фінансавую дапамогу для аднаўлення гаспадарчай дзейнасці.
Акрамя таго, у Новай Беларусі будзе перагледжаная сістэма сацыяльна-працоўных адносін з мэтай прывядзення яе ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і крытэрыямі годнай працы. Дыскрымінацыйная сістэма кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, неабгрунтавана жорсткія меры дысцыплінарнага ўздзеяння і іншыя абмежаванні працоўных правоў будуць адмененыя. Кароткатэрміновыя кантракты будуць трансфармаваныя ў працоўныя дамовы, заключаныя на нявызначаны тэрмін. Таксама ў Новай Беларусі будзе гарантаваная свабода аб’яднання ў прафсаюзы і сапраўдны ўдзел прафсаюзаў у кіраванні сваёй арганізацыі, прадстаўнікі (незалежных) прафсаюзаў будуць прадстаўленыя ў назіральных радах сваіх прадпрыемстваў, а прадстаўнікі (незалежных) студэнцкіх саюзаў будуць мець права голасу пры выбары кіраўніцтва свайго інстытута і іншых стратэгічных рашэннях.
Вышэйпаказаны спіс захадаў не з’яўляецца канчатковым і будзе ўдакладняцца.
Крыніцамі фінансавання падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху і пацярпелых ад рэпрэсій грамадзян і бізнесаў стануць перш за ўсё:
1. Бюджэтныя сродкі, зэканомленыя на ўтрыманні дзяржаўнага апарату і пераглядзе выдаткаў, у тым ліку скарачэнне выдаткаў на рэпрэсіўны апарат, дзяржаўную ідэалогію і прапаганду, адміністрацыю прэзідэнта.
2. Расфарміраванне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і продаж яго маёмасці, у тым ліку санаторыяў у Беларусі і за мяжой, гасцініц, рэстаранаў, латарэйнага бізнесу, аптэк, крамаў Duty Free, турагенцтва, медычнага цэнтра, гандлёвага дома, аграпрамысловых прадпрыемстваў, лагістычнага цэнтра і многіх іншых бізнесаў, палацаў і іншых аб’ектаў нерухомасці, аўтапарка і іншай рухомай маёмасці.
3. Маёмасць нелегітымнага прэзідэнта і яго найбліжэйшых памочнікаў, атрыманая злачынным шляхам, у тым ліку фінансавыя і нерухомыя сродкі, што знаходзяцца за мяжой.
4. Дадатковыя бюджэтныя прыбыткі і скарачэнне бюджэтных выдаткаў у сувязі са спыненнем шэрых схем і мінімізацыі карупцыі. Паводле падлікаў экспертаў, з-за карупцыі на адных толькі дзяржаўных закупках было страчана ў 2020 г. больш за 500 млн долараў.
5. Антыкрызісны фонд для Беларусі ад міжнародных фінансавых інстытутаў (МФІ) і замежных краін на стабілізацыю і аднаўленне эканомікі ў пераходны перыяд і пасля свабодных дэмакратычных выбараў. Стабілізацыйная праграма з МВФ, фінансавая падтрымка з боку Сусветнага банка і макрафінансавая дапамога ад Еўрапейскага саюза сумесна складуць некалькі мільярдаў долараў.
6. Крэдытныя і грантавыя сродкі ад МФІ і замежных краін на падтрымку прыватнага бізнесу. У прыватнасці, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя, Еўракамісія гатовыя вылучаць сотні мільёнаў долараў на развіццё прыватнага бізнесу кожны год.
7. Рэфінансаванне дзяржаўнага доўгу пад больш нізкі адсотак і на больш працяглыя тэрміны дазволіць знізіць пазыковую нагрузку на бюджэт і вызваліць значныя сродкі. Знешні і ўнутраны дзяржаўны доўг з улікам дзяржаўных гарантый і пазыкаў мясцовых органаў улады складае каля 30 млрд долараў. Сярэдняя адсоткавая стаўка па дзяржаўнай пазыцы складае больш за 4% гадавых. Рэфінансаванне часткі гэтай пазыкі пад ніжэйшы адсотак азначае эканомію сотняў мільёнаў долараў. Падаўжэнне тэрмінаў запазычвання з адтэрміноўкай пагашэння цела крэдыту ў першыя некалькі гадоў стане дадатковай эканоміяй для бюджэту ў першыя гады правядзення рэформаў. Для гэтага ў пераходны перыяд або адразу пасля змены ўлады будзе праведзеная канферэнцыя донараў з удзелам МВФ, Сусветнага банка, ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады і многіх іншых краін.
8. Павелічэнне падатковых і іншых паступленняў ад развіцця прыватнага бізнесу і росту эканомікі.