У Кішынёве дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі сустрэўся з віцэ-прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў Малдовы Міхаем Папшоем.
Адной з галоўных тэм стала магчымае ўвядзенне візавага рэжыму для беларускіх грамадзян. Раней з’явілася інфармацыя, што Малдова можа перагледзець правілы ўезду для беларусаў у межах еўрапейскай інтэграцыі.
Міхай Папшой запэўніў, што цяпер Малдова не плануе ўводзіць візы для грамадзян Беларусі. Паводле міністра, такое пытанне можа паўстаць у будучыні, калі краіна будзе прыводзіць сваю візавую палітыку ў адпаведнасць з нормамі Еўрасаюза ў працэсе ўступлення ў ЕС.
Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Малдовай. У прыватнасці, разгледзелі магчымасць наладжвання супрацоўніцтва кіраўніцы Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Вольгі Зазулінскай з малдаўскімі партнёрамі. Украіну і Малдову звязваюць цесныя адносіны, што адкрывае дадатковыя магчымасці для сумеснай працы.
Асобную ўвагу надалі ўзаемнай падтрымцы на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў еўрапейскіх інстытутах. Бакі абмеркавалі магчымасці абмену досведам еўраінтэграцыі, эканамічнай дыверсіфікацыі і зніжэння залежнасці ад Расіі. Гэта пытанні, у якіх досвед Малдовы можа быць карысным для будучай дэмакратычнай Беларусі.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі далучэнне да сектаральных сакнкцыяў ЕС супраць Лукашэнкі, працяг супрацоўніцтва і ўзаемную падтрымку ў міжнародных фарматах.
Дзяніс Кучынскі:
«У Беларусі і Малдовы шмат агульных выклікаў, і нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Падчас гэтай паездкі мы абмеркавалі канкрэтныя магчымасці супрацоўніцтва — ад падтрымкі беларусаў да сумеснай працы на міжнародным узроўні. Важна, каб гэтыя размовы мелі працяг і прыводзілі да рэальных вынікаў. Каб беларусы адчувалі падтрымку, а пытанне Беларусі заставалася ў полі зроку нашых міжнародных партнёраў».
