• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская адукацыя і навука ва ўмовах рэпрэсій, мілітарызацыі і эміграцыі: асноўныя тэндэнцыі і палітычныя рэкамендацыі. Ліпень—верасень 2026 г.

    17 лістапада, 2026

    Policy paper для дэмакратычных медыяў, кіраўніцтва дэмакратычных сіл, палітычных партнёраў і міжнародных донараў.

    Рэзюмэ

    У ліпені—верасні 2026 г. ключавымі тэндэнцыямі ў беларускай адукацыі і навуцы, паводле сабраных у гэтым дакуменце матэрыялаў, сталі працяг палітычных рэпрэсій, пашырэнне мілітарызацыі і ўзмацненне ідэалагічнага ды адміністрацыйнага кантролю. Пераслед у сувязі са справай ЕГУ закранае не толькі акадэмічную супольнасць, але і сем’і студэнтаў і супрацоўнікаў, у тым ліку ў трансгранічным кантэксце. Ваенная падрыхтоўка і ваенна-патрыятычныя практыкі пашыраюцца на розныя ўзроставыя групы, а абнаўленне выкладання гісторыі і правілаў школьнай бяспекі ўзмацняе кантроль над адукацыйным асяроддзем. Адначасова матэрыялы пра набор у ВНУ і разыходжанні ў звестках аб замежных студэнтах ставяць пытанні пра прывабнасць вышэйшай адукацыі, наступствы абавязковых адпрацовак і надзейнасць афіцыйнай справаздачнасці. 

    У замежжы развіваюцца беларускія даследаванні, акадэмічныя сеткі і дыскусіі пра ўніверсітэт у выгнанні ды будучыя адукацыйныя рэформы. Аднак захаванне беларускай акадэмічнай суб’ектнасці патрабуе не толькі асобных ініцыятыў, але і ўзгодненых падыходаў да якасці адукацыі, празрыстага кіравання, фінансавай устойлівасці і адказнасці перад беларускім грамадствам.

    Палітычная праблема

    Цэнтральная палітычная праблема — падпарадкаванне адукацыі і навукі задачам палітычнага кантролю, ідэалагічнай лаяльнасці і ваеннай мабілізацыі замест забеспячэння акадэмічнай свабоды, якаснага навучання і самастойнага развіцця асобы. Апісаныя ў дакуменце рэпрэсіі, прафесійныя абмежаванні, мілітарызацыя і ідэалагізацыя ствараюць пагрозу бяспецы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу і захаванню інтэлектуальнага патэнцыялу краіны.

    Для дэмакратычных сіл і міжнародных партнёраў гэта ставіць падвойную задачу: падтрымліваць людзей і адукацыйныя супольнасці, якія сутыкаюцца з пераследам і абмежаваннямі, і адначасова захоўваць незалежную беларускую адукацыйную ды даследчую прастору, здольную ўдзельнічаць у будучых рэформах. Палітычны адказ на гэтыя выклікі павінен спалучаць абарону правоў, падтрымку мовы і культуры, устойлівасць акадэмічных ініцыятыў у замежжы і распрацоўку прынцыпаў дэмакратычнага кіравання адукацыяй.

    Мэтавая аўдыторыя

    Дакумент адрасаваны чатыром асноўным групам:

    • Дэмакратычныя медыі. Для асвятлення рэпрэсій і зменаў у адукацыі, тлумачэння іх грамадскіх наступстваў і крытычнага аналізу афіцыйных паведамленняў ды статыстыкі.
    • Кіраўніцтва дэмакратычных сіл. Для вызначэння адукацыйных прыярытэтаў, каардынацыі падтрымкі акадэмічнай супольнасці і падрыхтоўкі падыходаў да будучых рэформаў.
    • Палітычныя партнёры. Для ўключэння акадэмічнай свабоды, бяспекі студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама захавання беларускай адукацыйнай прасторы ў парадак міжнароднага супрацоўніцтва.
    • Міжнародныя донары. Для вызначэння прыярытэтаў падтрымкі незалежных адукацыйных і даследчых ініцыятыў, беларускамоўнай адукацыі ў дыяспары і ўстойлівага развіцця акадэмічных інстытуцый.

    Ключавыя высновы

    • Рэпрэсіі закранаюць шырокае акадэмічнае асяроддзе. Справа ЕГУ паказвае, што рызыкі пераследу датычацца студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і іх сваякоў; эміграцыя сама па сабе не дазваляе пазбегнуць трансгранічных пагроз.
    • Мілітарызацыя набывае сістэмны характар. Пашырэнне ваенна-палявых збораў і вайсковых гульняў на розныя ўзроставыя групы, а таксама заяўленыя задачы новай Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій сведчаць пра ўзмацненне сувязі адукацыі з ваеннымі прыярытэтамі дзяржавы.
    • Ідэалагічны і адміністрацыйны кантроль узмацняецца. Новыя ўстаноўкі ў выкладанні гісторыі, правілы школьнай бяспекі і планы ліцэнзавання індывідуальнай педагагічнай дзейнасці пашыраюць магчымасці дзяржаўнага ўплыву на змест і ўмовы навучання.
    • Праблемы набору і справаздачнасці патрабуюць асобнага аналізу. Зніжэнне прахадных балаў, апісаныя выпадкі фіктыўнага залічэння і разыходжанні ў звестках аб замежных студэнтах не сведчаць пра паглыбленне крызісу сістэмы адукацыі ў цэлым.
    • Замежная акадэмічная прастора застаецца важным рэсурсам. Новыя публікацыі, праца H-Belarus, канферэнцыі і адукацыйныя ініцыятывы падтрымліваюць беларускія даследаванні, культурныя сувязі і абмеркаванне будучых рэформаў.
    • Праблемы дапамогі пацярпелым і захавання інстытуцый неабходна разглядацць разам. Дыскусіі пра беларускі ўніверсітэт у выгнанні падкрэсліваюць важнасць якасці адукацыі, празрыстага кіравання, фінансавай устойлівасці і грамадскай адказнасці. Гэтыя прынцыпы могуць стаць агульнай рамкай для падтрымкі незалежнай беларускай адукацыі і навукі.

    1. Працяг палітычных рэпрэсій

    Працягваецца пераслед, звязаны са справай ЕГУ. На пачатак жніўня 2026 г. праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі 183 выпадкі пераследу ў сувязі з абвяшчэннем Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта экстрэмісцкай арганізацыяй. Пераслед закранае студэнтаў і выпускнікоў, іх бацькоў, выкладчыкаў, былых супрацоўнікаў універсітэта. Вядомыя выпадкі арыштаў па адміністрацыйных справах, ператрусаў, допытаў, выклікаў на размовы ў КДБ. Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Amnesty International Мары Стразерс у сваёй заяве адзначыла трансгранічны характар рэпрэсій і выказала занепакоенасць тым, «што ўлады могуць пайсці далей, у тым ліку правесці паказальны „антыэкстрэмісцкі“ судовы працэс над студэнтамі, выпускнікамі, супрацоўнікамі ўніверсітэта і іх сваякамі».

    Два прадстаўнікі акадэмічнай сферы былі рэпрэсаваныя ў Беларусі. Кацярына Жогаль, настаўніца гісторыі школы № 124 г. Мінска, была асуджаная ў Мінскім гарадскім судзе паводле часткі 1 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прысуд — адпрацоўкі па месцы жыхарства («хатняя хімія») — азначае забарону на прафесію без тэрміну даўнасці. Па абвінавачванні ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» быў асуджаны 28‑гадовы юрыст Міраслаў Бандарэнка. Ён уключаны ў спіс «тэрарыстаў» КДБ. Магчымае пакаранне — да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі. Міраслаў Бандарэнка ў пачатку 2026 года абараніў дысертацыю па тэме «Прававы рэжым інвестыцый у чалавечы капітал».

    2. Мілітарызацыя адукацыі

    Міністэрства адукацыі абвясціла аб зменах у дапрызыўнай падрыхтоўцы. Паведамляецца, што практыка правядзення 10-дзённых ваенна-палявых збораў будзе пашырана. Па словах міністра А. Іванца, калі ў 2026 г. у іх было задзейнічана 15% дзясяцікласнікаў г. Мінска, на 2027 г. пастаўленая задача давесці да 100%. Апроч гэтага, такія зборы будуць праходзіць навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Праграма курса пачатковай ваеннай падрыхтоўкі будзе дапоўнена вывучэннем кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БПЛА) і тактычнай медыцыны. 

    Характэрна, што пасяджэнне педагагічнай секцыі па дапрызыўнай падрыхтоўцы адбывалася на базе вайсковай часці № 5448 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якая прызнаная ўзорнай пляцоўкай ваенна-патрыятычнага выхавання. Вайсковая частка спецыялізуецца на канваіраванні асуджаных у турмы і ўдзельнічала ў разгоне мірных дэманстрацый у 2020 г. 

    Падчас размовы з міністрам адукацыі Андрэям Іванцом з нагоды пачатку навучальнага году Аляксандр Лукашэнка патрабаваў узмацніць фізічную падрыхтоўку школьнікаў. Пры гэтым патрабаванне звязана не з клопатам аб здароўі, а з незадаволенасцю Міністэрства абароны ўзроўнем фізічнай падрыхтоўкі навабранцаў.

    Мілітарызацыя адукацыі выявілася таксама ў пашырэнні формаў «ваенна-патрыятычнага» выхавання. Сярод новых практык — першы рэспубліканскі агляд-конкурс вайсковага строю і патрыятычнай песні. Паведамляецца, што ў ім прынялі ўдзел сотні школ. Пераможцы — каманды ад кожнай вобласці і г. Мінска — сустрэліся ў сталіцы ў пачатку ліпеня. Афіцыйна абвешчаная мэта агляду-конкурсу — «умацаванне грамадзянскай пазіцыі моладзі і павагі да гісторыі Узброеных Сіл». 

    У ліпені адбыўся фінальны этап рэспубліканскай ваенна-прыкладной гульні «Прарыў». Яна разлічаная на студэнтаў ВНУ і ўключае ў сябе практыкаванні па ўзвядзенні фартыфікацыйных умацаванняў, стральбе, кіраванні БПЛА. «Прарыў» разам з «Зарнічкай», «Зарніцай» і «Арлянятамі» стварае сістэму вайсковых гульняў, якія ахопліваюць усе ўзроставыя групы — ад малодшых школьнікаў да студэнтаў універсітэтаў. 

    Новыя практыкі мілітарызацыі сістэмы адукацыі паводле ахопу і глыбіні ўздзеяння значна пераўзыходзяць маштабы мілітарызацыі адукацыі ў познім Савецкім Саюзе. 

    3. Створана Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій

    10 верасня 2026 г. быў падпісаны Указ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Абвешчана, што новая вышэйшая навучальная ўстанова пачне дзейнічаць з 1 верасня наступнага года. Кантроль за яе дзейнасцю будзе ажыццяўляць Назіральная рада на чале з міністрам адукацыі. Аляксандр Лукашэнка, які падпісаў Указ аб стварэнні Акадэміі, адзначыў, што «гэта прэзідэнцкая ініцыятыва, прэзідэнцкая фактычна структура». Паведамляецца, што гэта будзе невялікая ВНУ, разлічаная на падрыхтоўку 500–600 студэнтаў у галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій (прыкладное матэрыялазнаўства, фізіка-хімічная інжынерыя, аэракасмічныя тэхналогіі). Адна з галоўных мэтаў — забяспечыць максімальна аператыўнае засваенне ўсіх новых тэхналогій, іх апрабацыю ў адукацыйным працэсе і далейшую перадачу ў традыцыйныя ўніверсальныя ВНУ. Відавочна, што шмат у чым Акадэмія будзе арыентаваная на патрэбы ваенна-прамысловага комплексу. Невыпадкова, што А. Лукашэнка паставіў перад ёй задачу «вынайсці прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі, якія зараз ва ўсіх на слыху». Таксама Акадэмія павінна дапамагчы вырашыць праблему недахопу кваліфікаваных выкладчыкаў, звязаную са старэннем кадраў: «вырасціць новых вучоных, выкладчыкаў, галоўных тэхнолагаў». Сярод іншага ўзгадваецца задача перашкодзіць выезду таленавітай моладзі з краіны. 

    4. Вынікі набору ў ВНУ 2026 г. Маштабныя прыпіскі ў сферы адукацыі

    Незалежныя эксперты прааналізавалі вынікі набору студэнтаў у беларускія ВНУ. Найбольшую ўвагу і грамадскі рэзананс выклікала істотнае зніжэнне прахадных балаў на медычныя спецыяльнасці. Напрыклад, на педыятрычным факультэце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прахадны бал на бюджэтныя месцы знізіўся на 49 балаў: з 368 у мінулым годзе да 319; на фармацэўтычным факультэце — на 98 балаў: з 381 да 283. У Віцебскім медыцынскім універсітэце да завяршэння прыёмнай кампаніі не было зразумела, ці ўвогуле адбудзецца набор. Паводле меркаванняў экспертаў, гэта звязана як са значным павелічэннем колькасці бюджэтных месцаў на гэтыя спецыяльнасці, так і адмоўным уздзеяннем «прымусу да акадэмічнага рабства», звязаным з абавязковымі адпрацоўкамі пасля заканчэння навучання.

    У ліпені міністр адукацыі Беларусі А. Іванец і намесніца прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч настойліва распаўсюджвалі інфармацыю, што ў краіне навучаецца 37 тыс. замежных студэнтаў і што іх колькасць за апошнія чатыры гады павялічылася на 10 тыс., а таксама што кожны трэці замежны студэнт — усяго 12,3 тыс. чалавек — з Кітая. Гэтыя лічбы абвясцілі «драйверам развіцця» і «міжнародным брэндам Беларусі». Разам з тым, згодна з апублікаванымі ў тым самым месяцы звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць замежных студэнтаў значна меншая — 24,5 тыс. чалавек — і за апошнія чатыры гады амаль не змянілася. А колькасць кітайскіх студэнтаў складае не 12, а 7 тыс. чалавек (Образование в Республике Беларусь. Статистический буклет. Минск, 2026, С. 31). Эксперты лічаць, што менавіта дадзеныя Статыстычнага камітэта ў большай ступені адпавядаюць рэчаіснасці і шматгадовым тэндэнцыям уязной акадэмічнай мабільнасці ў Беларусі.  

    Пракуратура Віцебскай вобласці паведамляе аб крымінальнай справе супраць былога рэктара ВНУ, які некалькі гадоў фіктыўна залічваў абітурыентаў на бюджэтныя месцы, каб схаваць рэальныя праблемы з наборам студэнтаў. На думку незалежных медыяў, гаворка ідзе пра Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Рэктар загадаваў супрацоўнікам падаваць у прыёмную камісію дакументы людзей, рэгістраваць іх і ўносіць у афіцыйныя дакументы загадзя ілжывыя звесткі аб прыёме і залічэнні на першы курс. Пазней фіктыўна залічаных людзей проста адлічвалі.

    Ёсць меркаванне, што падобная сітуацыя характэрная для шмат якіх ВНУ, якія не карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў, але абавязаныя выконваць дзяржаўныя планы набору студэнтаў.

    5. Абнаўленне ідэалагічных установак і правілаў бяспекі напярэдадні новага навучальнага года

    Напярэдадні новага навучальнага года Міністэрства адукацыі адправіла інструктыўна-метадычны ліст аб выкладанні гісторыі ў школе. У ім падкрэсліваецца, што «перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адыграў вялікую ролю ў афармленні нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі з’явілася вырашальным фактарам, які дазволіў спыніць паланізацыю беларусаў, садзейнічаў развіццю нацыянальна-духоўных традыцый». З іншага боку, перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай апісваецца пераважна ў негатыўным сэнсе. Перыяд сталінскіх рэпрэсій у БССР у 1930-я гг. рэкамендавана разглядаць як час, у які «будаўніцтва сацыялістычнай сістэмы адкрыла перспектыву для шырокіх народных мас». Ацэнка саміх рэпрэсій амаль даслоўна паўтарае погляды савецкай гістарыяграфіі, згодна з якімі мелі месца толькі асобныя «скажэнні прынцыпаў справядлівасці і законнасці». 

    1 верасня 2026 г. уведзеныя новыя правілы бяспекі ў школах, якія дазваляюць даглядаць асабістыя рэчы навучэнцаў. Супрацоўнікі і работнікі Дэпартамента аховы атрымалі права праводзіць выбарачны надгляд ручной паклажы ўсіх, каго палічаць неабходным, у тым ліку непаўналетніх. Пры гэтым прысутнасць бацькоў пры праверцы дзіцяці не патрабуецца. Паведамляецца, што правяраць могуць не толькі школьнікаў, але і ўсіх, хто заходзіць ва ўстанову адукацыі: бацькоў, іншых наведнікаў, супрацоўнікаў школы. 

    Увядзенне новых правілаў выклікала масавую незадаволенасць карыстальнікаў сацыяльных сетак. Ролік у TikTok з падрабязнасцямі новых правілаў, якія пачалі дзейнічаць з 1 верасня, сабраў больш за пяць з паловай тысяч каментароў. Каментар «А мы ідзём у школу ці ў турму?» упадабалі больш за 36 тыс. разоў.

    6. Міністэрства адукацыі прыкладае новыя намаганні па ўзмацненні кантролю над індывідуальнай педагагічнай дзейнасцю

    Міністэрства адукацыі Беларусі адмовілася ад ідэі ствараць абавязковы рэестр рэпетытараў. Нагодай для адмовы стала публічнае абмеркаванне праекта і негатыўная рэакцыя грамадскасці. Планавалася, што толькі асобы, уключаныя ў рэестр, будуць дапушчаныя да гэтай працы. Замест рэестру было вырашана запусціць адмысловую «вітрыну» фізічных асоб, якія самастойна займаюцца прафесійнай дзейнасцю па навучанні дзяцей. Удзел у «вітрыне» дабраахвотны, але адзначаецца, што асобы, асуджаныя па «экстрэмісцкіх» справах, доступу да яе не атрымаюць. 

    Аднак гэта не азначае адмовы дзяржавы ад шчыльнага кантролю над гэтай сферай працоўнай актыўнасці. 10 верасня 2026 г. Аляксандр Лукашэнка правёў нараду «Па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці». Гаворка галоўным чынам тычылася адукацыйнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца прыватнымі асобамі, у тым ліку — рэпетытарства. Атрыманне ліцэнзіі будзе звязана не толькі з наяўнасцю профільнай адукацыі, але і адсутнасцю судзімасці па так званых «экстрэмісцкіх артыкулах». Чакаецца, што рашэнне па ліцэнзаванні будзе прынята ў пачатку наступнага году.

    7. Абвешчаны пачатак працы сістэмы «Электронная школа»

    З пачатку верасня 300 навучальных устаноў Беларусі пачнуць працаваць у аўтаматызаванай сістэме «Электронная школа». Лічыцца, што гэта будзе садзейнічаць падвышэнню якасці кіравання, пераходу ад папяровага дакументаабароту да лічбавага і зніжэнню нагрузкі на настаўнікаў. Будуць уведзеныя электронныя настаўніцкія журналы і вучнёўскія дзённікі. Доступ да сістэмы будуць мець не толькі чыноўнікі і педагогі, але і вучні ды іх бацькі.

    Падзеі ў замежжы

    8. Новыя публікацыі ў галіне беларусістыкі

    Новая манаграфія вядомага даследчыка найноўшай гісторыі Беларусі Віктара Шадурскага «Зямля пад шэрымі крыламі. Рэспубліка Беларусь: суіснаванне і канфлікт аўтарытарнай улады і грамадзянскай супольнасці (лістапад 1996 – жнівень 2020 гг.)» выйшла дзякуючы Фонду «Камунікат». У ёй прааналізаваны працэс пабудовы адміністратыўнага і рэпрэсіўнага апарату, які дазволіў уладзе задушыць масавыя пратэсты 2020 г. Асобная ўвага надаецца аналізу непразрыстасці выбарчай сістэмы ў Беларусі, эвалюцыі сацыяльна-эканамічнай мадэлі, а таксама асноўных напрамкаў знешняй палітыкі дзяржавы. 

    Манаграфія беларускага гісторыка Уладзіміра Канановіча «Сацыяльная памяць і памятныя ландшафты ва ўсходняй частцы сярэднявечнай Еўропы» выйшла ў брытанскім выдавецтве ARC Humanities Press. Гэта вынік грунтоўнага даследавання працэсу фарміравання сацыяльнай памяці ў асяроддзі арыстакратычных колаў сярэднявечнай Усходняй Еўропы, якія імкнуліся стварыць новую версію мінулага, адпаведную тагачасным рэаліям. Аўтар імкнецца адказаць на пытанне, чаму пэўныя гістарычныя падзеі і постаці, рэальныя ці ўяўныя, набывалі асаблівую папулярнасць у пэўных кантэкстах і прасторах, нават калі сувязь з імі была сумнеўнай. Гаворка ў тым ліку ідзе пра тое, як пачынаючы з XVI стагоддзя ўяўленні пра Міндоўга  пачалі цесна асацыявацца з Наваградкам, а не з Вільняй.

    У сусветна вядомым выдавецтве Раўтледж апублікаваны Даведнік па сучаснай Беларусі. Даведнік складаецца з 23 артыкулаў вядомых беларускіх даследчыкаў і замежных беларусістаў пад агульнай рэдакцыяй Аляксея Кажарскага.  Гэта фундаментальнае даведачнае выданне, якое дае цэласнае, глыбокае і шматграннае разуменне сітуацыі ў краіне. Даведнік складаецца з чатырох тэматычных блокаў, прысвечаных міжнародным і рэгіянальным адносінам, зменам унутры палітычнага рэжыму і дэмакратычнаму супраціву, формам дзяржаўнага кіравання і ўзаемаадносінам паміж дзяржавай і грамадствам, а таксама — гісторыі, ідэнтычнасці і мове.

    Манаграфія нямецкай даследчыцы Екацярыны Кедынг (Ekaterina Keding) «Памяць паміж трыумфам і траўмай. Беларусь і Другая сусветная вайна, 1942–2019 гг.» («Erinnerung zwischen Triumph und Trauma. Belarus und der Zweite Weltkrieg, 1942–2019») апублікавана ў выдавецтве Vandenhoeck & Ruprecht. У кнізе падрабязна разглядаецца, як памяць пра Другую сусветную вайну прадстаўлена ў музеях, помніках і мемарыяльных комплексах Беларусі, у тым ліку ў матэрыялах пра партызанскі рух. Назва кнігі перадае дзве важныя тэмы: гераічны вобраз вайны — перамогу і подзвігі партызанаў — і цяжкую калектыўную траўму, звязаную з вялікімі чалавечымі стратамі, спаленымі вёскамі, Халакостам і акупацыяй. Аўтарка аналізуе, як дзяржава, лакальныя супольнасці і гісторыкі ў розныя перыяды ўплывалі на тое, як грамадства памятае вайну. Яна ставіць пад сумнеў уяўленне, што ў Беларусі існуе адзіная і нязменная версія памяці пра вайну. Архіўныя матэрыялы паказваюць, што і ў савецкі, і ў постсавецкі час гэтая памяць была разнастайнай, залежала ад абставін і нярэдка выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах. 

    На анлайн-платформе H-Belarus з’явіўся дайджэст замежных публікацый па беларусістыцы за II квартал 2026 г. Ён уключае 27 публікацый, у тым ліку манаграфіі І. Раманавай, М. Галаванавай і Т. Вейлера, Н. Панкратавай, пераклад вершаў Л. Геніўш, артыкулы Т. Астроўскай, С. Бедфард, Е. Карасцялёвай, К. Персан-Лужынай і інш. 

    9. Канферэнцыі, семінары, дыскусіі

    Канферэнцыя «Спадчына Алаізы Пашкевіч-Цёткі — прастора беларуска-літоўскага дыялогу» адбылася 25 верасня 2026 г. у Вільні. Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка, — адна з найбольш значных постацяў беларускай культуры, актывістка беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. Арганізатарамі канферэнцыі сталі дэпутат Еўрапейскага парламента Віцяніс Повілас Андрукайціс, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, першы намеснік старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі. Канферэнцыя адбылася пры падтрымцы фонду Сцяпанаса Кайрыса (Літва). Удзельнікамі канферэнцыі сталі беларускія і літоўскія літаратуразнаўцы, гісторыкі, грамадскія дзеячы. Канферэнцыя стала нагодай звярнуцца да спадчыны Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і абмеркаваць беларуска-літоўскія культурныя і гістарычныя сувязі.

    Анлайн-круглы стол «Беларускі ўніверсітэт у выгнанні: вопыт, адказнасць і будучыня» адбыўся 20 ліпеня 2026 г. Ён быў арганізаваны Беларускай асацыяцыяй адукацыі і навукі. У дыскусіі ўзялі ўдзел каля 20 экспертаў, грамадскіх дзеячаў, лідараў грамадскай думкі. У цэнтры ўвагі апынуліся беларускія інстытуцыі і ініцыятывы ў галіне вышэйшай адукацыі ў замежжы: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Беларуская акадэмія, Вольны ўніверсітэт, Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча, а таксама іншыя даследчыя, адукацыйныя і стыпендыяльныя праграмы. Дыскусія паказала, што пытанне беларускага ўніверсітэта ў выгнанні захоўвае актуальнасць. У розных выступах паўтараліся тэзісы пра неабходнасць захавання беларускай акадэмічнай суб’ектнасці, высокай якасці даследаванняў і адукацыі, празрыстых механізмаў кіравання, фінансавай устойлівасці і адказнасці перад беларускім грамадствам.

    На канферэнцыі «Новая Беларусь» 2026 г. упершыню была праведзеная асобная панэль па адукацыі. У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі экспертнай супольнасці, студэнцтва, настаўнікаў, бацькоўскіх арганізацый. У цэнтры ўвагі апынуўся крызіс беларускай адукацыі і шляхі яго пераадолення. Удзельнікі адзначылі, што сістэма ўнутры краіны ўсё больш падпарадкоўваецца прапагандзе, мілітарызацыі, русіфікацыі і палітычнаму кантролю, а школы і ўніверсітэты губляюць кваліфікаваных настаўнікаў і навукоўцаў. Беларуская дыяспара імкнецца захаваць мову і культуру, але сутыкаецца з недахопам школ, падручнікаў і фінансавання.
    Асобную ўвагу прыцягнуў ЕГУ, які, на думку выступоўцаў, у крызіснай сітуацыі не здолеў належным чынам абараніць беларускіх студэнтаў і згубіў сваю першапачатковую місію. Удзельнікі дыскусіі прапанавалі стварыць новы нацыянальны ўніверсітэт, падтрымаць бацькоў і настаўнікаў, адукацыйныя ініцыятывы дыяспары. Галоўная мэта — не згубіць маладое пакаленне і захаваць інтэлектуальны патэнцыял для дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі.

    Другі семінар праекта «Форум Беларусь: адукацыйныя рэформы для дэмакратычнай Беларусі» адбыўся ў Берліне 9—12 верасня 2026 г. Арганізатарам семінара і праекта стала Нямецкае таварыства па даследаванні Усходняй Еўропы (DGO e. V.). Мэтай праекта з’яўляецца распрацоўка кірункаў рэфармавання беларускай сістэмы адукацыі з улікам досведу Польшчы і Германіі. Удзельнікамі імпрэзы сталі беларускія эксперты, выкладчыкі і настаўнікі, грамадзянскія актывісты. Яны наведалі Федэральны фонд асэнсавання дыктатуры САПГ, праслухалі лекцыі нямецкіх даследчыкаў і прынялі ўдзел у дыскусіях, прысвечаных працэсам дэмакратызацыі адукацыі на прасторы былой ГДР пасля 1989 г., абмеркавалі выніковыя дакументы праекту.

    10. Падтрымка стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэту імя Астафея Валовіча

    Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі далучыўся да падпісантаў адкрытага ліста за стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэту імя Астафея Валовіча. Сваю падтрымку праекту ўжо выказалі лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, прафесарка гісторыі Марсі Шор і прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама даследчыкі, выкладчыкі і эксперты з ЗША, Канады, Злучанага Каралеўства, Аўстрыі, Бельгіі, Літвы, Нарвегіі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны і Беларусі. Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча – зарэгістраваная ў Польшчы грамадская ініцыятыва па стварэнні нацыянальнай беларускай установы вышэйшай адукацыі. 

    11. Сетка H-Belarus адсвяткавала сваю першую гадавіну 

    Сетка H-Belarus адсвяткавала сваю першую гадавіну. H-Belarus — сетка, створаная ў межах анлайн-платформы для гуманітарных і сацыяльных навук H-Net Commons, якая з’яўляецца міжнародным цэнтрам абмену акадэмічнымі ведамі па ўсіх напрамках міждысцыплінарных беларускіх даследаванняў. За апошні год H-Belarus стала пляцоўкай для распаўсюджвання інфармацыі пра канферэнцыі, семінары, публікацыі, а таксама пра магчымасці прафесійнага развіцця і пошуку фінансавання. Раз на квартал H-Belarus робіць агляд міжнародных публікацый па беларусістыцы. Адкрыты раздзел рэцэнзій. На старонцы H-Belarus можна знайсці спіс навукоўцаў, чые даследчыя інтарэсы звязаныя з беларускімі даследаваннямі, а таксама рэсурсы для вывучэння беларускай мовы і беларускія літаратурныя тэксты ў перакладзе на англійскую мову.

    Заключэнне

    Разгледжаныя падзеі ліпеня—верасня 2026 г. паказваюць узаемазвязанасць рэпрэсій, мілітарызацыі і ідэалагічнага кантролю ў беларускай адукацыі і навуцы. Гэтыя працэсы абмяжоўваюць прастору прафесійнай самастойнасці і пераносяць палітычныя рызыкі на студэнтаў, выкладчыкаў, даследчыкаў і іх сем’і. Праблемы набору ў ВНУ і разыходжанні ў адукацыйнай статыстыцы дадаткова падкрэсліваюць неабходнасць незалежнага аналізу, які адрознівае правераныя факты, афіцыйныя заявы і экспертныя ацэнкі.

    Беларускія акадэмічныя і адукацыйныя ініцыятывы ў замежжы захоўваюць даследчую, культурную і арганізацыйную прастору для будучых рэформаў. Аднак іх развіццё не замяняе абароны людзей, якія застаюцца ў Беларусі, і патрабуе якасці, празрыстасці, устойлівага фінансавання і грамадскай адказнасці. Таму прапанаваны палітычны адказ павінен спалучаць неадкладную падтрымку пацярпелых з доўгатэрміновым захаваннем беларускай акадэмічнай суб’ектнасці і падрыхтоўкай дэмакратычных пераўтварэнняў адукацыі.

    Палітычныя рэкамендацыі

    Ніжэй прапануюцца дзеянні для чатырох мэтавых груп дакумента. Пры іх рэалізацыі прыярытэтамі маюць быць бяспека ўдзельнікаў, добраахвотнасць удзелу, абарона персанальных даных і выразнае размежаванне пацверджаных звестак ды аналітычных высноў.

    Для дэмакратычных медыяў

    1. Асвятляць пераслед без дадатковай рызыкі для пацярпелых — ры падрыхтопўцы матэрыялаў пра справу ЕГУ і іншыя рэпрэсіі атрымліваць згоду на публікацыю асабістых гісторый і не раскрываць звесткі, якія могуць паставіць пад пагрозу студэнтаў, выкладчыкаў ці іх сваякоў.
    2. Правяраць афіцыйныя адукацыйныя паказчыкі — супастаўляць заявы чыноўнікаў з апублікаванай статыстыкай, удакладняць перыяды і катэгорыі ўліку, а непацверджаныя разыходжанні пазначаць як пытанні для праверкі, а не як ужо даказаныя фальсіфікацыі.
    3. Тлумачыць грамадскія наступствы зменаў — паказваць сувязі паміж мілітарызацыяй, ідэалагічнымі ўстаноўкамі, школьнымі правіламі бяспекі і кантролем над педагагічнай дзейнасцю. Адрозніваць прынятыя рашэнні ад абвешчаных планаў і экспертных інтэрпрэтацый.

    Для кіраўніцтва дэмакратычных сіл

    1. Узгадніць адукацыйныя прыярытэты — сфарміраваць агульны парадак дзеянняў разам з прадстаўнікамі студэнцтва, настаўнікаў, даследчыкаў і бацькоўскіх арганізацый. Спалучыць падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій, беларускамоўнай адукацыі і незалежных акадэмічных ініцыятыў.
    2. Арганізаваць бяспечнае выяўленне патрэбаў — у супрацоўніцтве з праваабарончымі і адукацыйнымі ініцыятывамі вызначаць патрэбы ў прававой дапамозе, працягу навучання і прафесійнай дзейнасці. Не ствараць адкрытых спісаў людзей, якім патрэбная дапамога.
    3. Падрыхтаваць рамку будучых рэформаў — выкарыстаць вынікі экспертных дыскусій пра адукацыйныя рэформы і ўніверсітэт у выгнанні для распрацоўкі прынцыпаў акадэмічнай свабоды, інстытуцыйнай аўтаноміі, празрыстасці і грамадскай адказнасці. Падтрымку новых універсітэцкіх праектаў звязваць з абгрунтаванай місіяй, якасцю і ўстойлівасцю.

    Для палітычных партнёраў

    1. Уключыць акадэмічную свабоду ў палітычны парадак — у міжнародным дыялогу па Беларусі асобна разглядаць пераслед студэнтаў і выкладчыкаў, прафесійныя абмежаванні і трансгранічны ціск на акадэмічную супольнасць ды яе сем’і.
    2. Падтрымліваць бесперапыннасць адукацыі і даследаванняў —разам з універсітэтамі і незалежнымі адукацыйнымі ініцыятывамі развіваць магчымасці працягу навучання, даследчай працы і прафесійных сувязяў для людзей, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам.
    3. Падтрымліваць падрыхтоўку адукацыйных рэформаў — спрыяць супрацоўніцтву беларускіх экспертаў з партнёрамі ў Польшчы, Германіі і іншых краінах. Выкарыстоўваць параўнальны досвед для абмеркавання дэмакратызацыі адукацыі, не падмяняючы ім вызначэнне прыярытэтаў самой беларускай супольнасцю.

    Для міжнародных донараў

    1. Спалучаць дапамогу людзям з падтрымкай інстытуцый — планаваць як дапамогу для працягу навучання і даследчай працы пацярпелых ад рэпрэсій, так і шматгадовую падтрымку незалежных адукацыйных і акадэмічных ініцыятыў. Умовы фінансавання маюць улічваць бяспеку ўдзельнікаў і арганізацый.
    2. Падтрымліваць беларускамоўную адукацыю і даследчую прастору — надаваць увагу адукацыйным ініцыятывам дыяспары, падручнікам і навучальным матэрыялам, публікацыям па беларусістыцы і акадэмічным сеткам. Заахвочваць супрацоўніцтва паміж ініцыятывамі і сумеснае выкарыстанне рэсурсаў.
    3. Узгадняць крытэрыі якасці і адказнасці — пры разглядзе ўніверсітэцкіх і іншых адукацыйных праектаў ацэньваць іх місію, якасць адукацыі і даследаванняў, празрыстасць кіравання і фінансавую ўстойлівасць. Патрабаваць справаздачнасці аб выніках без раскрыцця персанальных даных людзей, якім пагражае пераслед.

    Апошнія навіны